Белорусский портал в Казахстане

Беларускія самбісты заваявалі пяць медалёў на Кубку свету ў Кыргызстане



У горадзе Чалпон-Ата (Кыргызстан) завяршаецца Кубак свету па самба - 2023 з удзелам беларускіх спартсменаў.

У другі і заключны дзень спаборніцтваў мужчыны вызначалі мацнейшых у баявым самба, а жанчыны разыгрывалі медалі ў спартыўным самба. Скарбонка беларускай каманды папоўнілася дзвюма бронзавымі ўзнагародамі. У вазе да 65 кг трэцюю пазіцыю заняла Даніэла Ждан, якая ў схватцы за прызавое месца перамагла Мырзайым Дуйшанбекаву з Кыргызстана. Яшчэ адна наша спартсменка Карына Шут стала бронзавым прызёрам турніру ў катэгорыі да 80 кг пасля паражэння ў паўфінале ад расіянкі Паліны Іудзінай.

Такім чынам, падагульняючы рэзультат беларускай зборнай на Кубку свету ў Кыргызстане склаў пяць медалёў (адзін срэбны і чатыры бронзавыя). Напярэдадні срэбра ў катэгорыі да 79 кг у мужчын выйграў Уладзіслаў Саяпін, бронза ў гэтай жа вазе ў Ільі Ламіваротава. Таксама ўзнагароду за трэцяе месца ў катэгорыі звыш 98 кг атрымаў Сяргей Лясяк.

Усяго на спаборніцтвах у Чалпон-Аце выступілі прадстаўнікі 10 краін - Беларусі, Кыргызстана, Арменіі, Балгарыі, Казахстана, Камеруна, Кітая, Расіі, Туркменістана і Узбекістана. Наступны старт у рамках Кубка свету па самба пройдзе 23-24 верасня ў сербскім Нові-Садзе.

23 жніўня 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/26/70758
Текущая дата: 18.11.2024