Белорусский портал в Казахстане

БАТЭ і «Нёман» правядуць матчы кваліфікацыі еўракубкавых футбольных турніраў



Два беларускія футбольныя клубы правядуць сёння чарговыя паядынкі кваліфікацыі еўрапейскіх кубкавых турніраў.

У матчы 3-га раўнда Лігі Еўропы барысаўскі БАТЭ ў венгерскім Мезёкёвешдзе згуляе з малдаўскім «Шэрыфам». Гэтую сустрэчу будзе судзіць вугорская брыгада арбітраў, якую ўзначаліць Томаш Богнар. Прабіцца ў плэй-оф другога па рангу кантынентальнага турніру барысаўчанам будзе вельмі цяжка, бо на мінулым тыдні ў Ціраспалі яны саступілі з лікам 1:5. Пераможца гэтага процістаяння паспрачаецца за выхад у групавы этап ЛЕ з клубам «Клаксвік» з Фарэрскіх астравоў. Той, хто прайграе, перамесціцца ў плэй-оф Лігі канферэнцый, дзе яго супернікам будзе пераможца сустрэч косаўскага «Балкані» і «Лінкальна» (Гібралтар). У першай гульні балканцы перамаглі на сваім полі з вынікам 2:0.

У кваліфікацыі Лігі канферэнцый гродзенскі «Нёман» у венгерскім Д’еры пастараецца ўзяць рэванш у славенскага «Цэле» за гасцявое паражэнне з лікам 0:1. Галоўным суддзёй сённяшняга паядынку прызначаны венгр Ферэнц Карака. Калі каманда Ігара Кавалевіча пераможа па суме дзвюх сустрэч, то будзе супернічаць з лепшым клубам пары АЕК (Ларнака, Кіпр) — «Макабі» (Тэль-Авіў, Ізраіль). У іх першым матчы на Кіпры была зафіксавана нічыя — 1:1.

Звязда, 17 жніўня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/27/70585
Текущая дата: 18.11.2024