Белорусский портал в Казахстане

Беларусы паставілі медальную кропку на ІІ Гульнях краін СНД



Ад першага да апошняга дня ІІ Гульняў краін СНД беларускія спартсмены не стамляліся збіраць медалі. «Ураджайным» на ўзнагароды стаў і апошні дзень спартыўнага форума. Усяго за 10 дзён ІІ Гульняў краін СНД беларускія спартсмены заваявалі 236 медалёў.

Турнір па каратэ скончыўся спаборніцтвамі ў дысцыпліне ката ў мужчын — серыі практыкаванняў, якія імітуюць рэальны паядынак. Беларускі спартсмен Аляксей Фурык у гэтым відзе праграмы заняў другое месца. Марыя Азарава таксама стала срэбнай медалісткай у катэгорыі да 61 кг, Віялета Навіцкая ў гэтай катэгорыі заваявала бронзавы медаль. Уладальнікам бронзы ў вазе да 84 кг у мужчын стаў Мікіта Кірыевіч, трэцяе месца ў катэгорыі больш за 84 кг заняў Мікіта Гайко.

Кульмінацыяй спаборніцтваў па барацьбе стаў жаночы турнір. Вікторыя Радзькова заваявала срэбны медаль ў катэгорыі 72 кг. Ксенія Цярэня (65 кг) і Крысціна Сазыкіна (62 кг) сталі чэмпіёнкамі ІІ Гульняў краін СНД. Залаты медаль заваявала і Ганна Маслакова (76 кг). Арына Мартынава — чэмпіёнка ў вагавай катэгорыі 55 кг, а Алеся Гетманава — пераможца ў катэгорыі 57 кг. 

У заключны дзень спаборніцтваў па плаванні прайшло 8 фіналаў, па выніках сямі з іх беларускія плыўцы ўзнімаліся на п’едэстал.

Адзінай чэмпіёнкай Гульняў з Беларусі ў гэтым відзе спорту стала Аліса Белая, якая перамагла на дыстанцыі 100 м брасам. Срэбныя медалі заваявалі Лізавета Акшаева (200 м, батэрфляй), Уладзіслаў Задарожны (200 м, вольны стыль), а таксама каманда ў складзе Віталя Якубовіча, Генрыха Танковіча, Лізаветы Акшаевай і Марыі Пучанковай (4×100 м). Бронзавымі прызёрамі сталі Даніла Бохураў (400 м, комплекс), Марыя Пучанкова (50 м, вольны стыль), Ганна Крук (100 м, брас) і Дар’я Гарыст (800 м, вольны стыль). 

Перамогамі беларускіх спартсменаў скончыліся і спаборніцтвы па самба. Даніэла Ждан стала чэмпіёнкай у катэгорыі 65 кг. 

На Гродненскім полі вызначылі пераможцаў і прызёраў па хакеі на траве. У вырашальным паядынку за чэмпіёнскі тытул сярод жаночых каманд першая зборная Беларусі ўпэўнена перайграла другую каманду Беларусі — 6:2.

На сцэне летняга амфітэатра ў Віцебску разыгралі медалі ў тайландскім боксе. У фінальным баі вагавой катэгорыі да 86 кг перамог Мікіта Какош. У катэгорыі да 75 кг Сямён Ступакевіч заваяваў срэбны медаль. Міхаіл Якімовіч стаў чэмпіёнам у катэгорыі 63.5 кг, а Данііл Ярмоленка стаў лепшым у катэгорыі 60 кг. Раман Паўлавец заваяваў срэбны медаль у катэгорыі да 51 кг. Срэбра ўзяла і Лізавета Жыгера (60 кг). Валерыя Хвацік стала чэмпіёнкай у катэгорыі да 51 кг. 

Аўтар: Валерыя Сцяцко
Звязда, 14 жніўня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/27/70592
Текущая дата: 18.11.2024