Белорусский портал в Казахстане

Футбаліст Радзівонаў: Размаўляць па-беларуску становіцца модна



Форвард нацыянальнай футбольнай зборнай Беларусі і барысаўскай каманды БАТЭ Віталь Радзівонаў у сьнежні адсьвяткуе 30-годзьдзе.

Нягледзячы на салідны па спартовых мерках узрост, за тур да заканчэньня першынства ён упэўнена выйграе бамбардырскую гонку, прычым, ужо ў рангу чэмпіёна краіны. У калектыве за свае рознабаковыя здольнасьці і інтарэсы Радзівонаў атрымаў мянушку «Прафэсар». Магчыма, такі «тытул» дазваляе глядзець на сьвет шырэй за спартовыя рамкі: так, Віталь часьцей за іншых спартоўцаў выказвае сваё стаўленьне да роднай мовы. З футбалістам сустрэўся Ігар Карней.

— Віталь, апошнім часам Вы досыць актыўна адгукаецеся на прапановы рэклямаваньня па-беларуску спартовых і сацыяльных зьяваў, падзеяў. Гэта і прапаганда ўласна футболу, і калектыўны ролік-запрашэньне на опэру Станіслава Манюшкі. Пры тым, што якраз спартоўцы да моўных кампаній далучаюцца ня вельмі ахвотна.

— Можа ім проста вельмі рэдка прапануюць удзельнічаць у падобных праектах? Бо, прыкладам, калі такія прапановы паступаюць мне, я з радасьцю на іх адгукаюся. То бок, асабіста я з задавальненьнем бяру ўдзел у такога кшталту кампаніях, ініцыятывах.

— Дарэчы, якраз учора Вы былі сярод першых гледачоў опэры Манюшкі Verbum Nobile. Якія ўражаньні ад прэм’еры?

— Магу прызнацца, што для мяне гэта таксама быў дэбют: я ўпершыню ў жыцьці трапіў на опэрнае прадстаўленьне. Чаканьні цалкам апраўдаліся: і музыка, і выступ артыстаў уразілі. Усе партытуры, зноў жа, выконваліся па-беларуску, і гэта гучала вельмі прыгожа. Адным словам, надзвычай задаволены. Таму я рады, што ня толькі паўдзельнічаў у здымках роліка, але яшчэ і пабываў на прэм’еры.

— Як лічыце, каб зоркі спорту, музыканты, іншыя публічныя людзі ўласным прыкладам прапагандавалі родную мову, моўны разварот у маштабах краіны быў бы больш адчувальны?

— Мне здаецца, што эфэкт ёсьць ужо. Таму што дастаткова шмат знакамітых людзей выказалі сваё паважлівае стаўленьне да беларускай мовы, падтрымліваюць яе, а значыць — прапагандуюць. Як вынік, іншыя людзі таксама зьвяртаюць на гэта ўвагу. Больш за тое, як мне падаецца, на сёньняшні дзень у асяродку моладзі размаўляць па-беларуску нават становіцца модным.

— Самі цікавасьць да беларускай мовы неяк падтрымліваеце? Праз кнігі, інтэрнэт і г.д.

— На жаль, я «варуся» у расейскамоўным асяродзьдзі, дзе месца для беларускай мовы надзвычай абмежаванае. Хоць калі дзесьці чую, як нехта гаворыць па-беларуску, у мяне зьяўляецца пачуцьцё гонару за людзей, якія не забываюцца на родную мову, ёй карыстаюцца.

— Вы досыць часта выяжджаеце за мяжу, калі гуляеце і за нацыянальную зборную, і за БАТЭ. Якія перажываеце пачуцьці, калі заўзятары падтрымліваюць беларускамоўнымі транспарантамі, банэрамі?

— Насамрэч такая падтрымка надзвычай узрушвае, але ня толькі за мяжой. Трэба сказаць, што і на радзіме, на родным стадыёне ў Барысаве нас заўзятары падтрымліваюць такім жа чынам. Мне такая падтрымка вельмі падабаецца, і я магу сказаць нашым заўзятарам толькі дзякуй за падобную ініцыятыву.

— Шырокі розгалас на мінулым тыдні набылі беларусафобскія выказваньні дырэктара каманды «Маладэчна» Любанца. Першымі супраць павальнай русыфікацыі выступілі якраз заўзятары. Вы на чыім баку?

— Мне ўсё ж бліжэй людзі, якія падтрымліваюць родную мову, якія памятаюць сваю гісторыю. Тым ня менш, да іншага пункту гледжаньня я стаўлюся спакойна і прынамсі імкнуся яго зразумець.

— Родная мова — ня часты госьць і на беларускім тэлебачаньні, хоць былі часы, калі менавіта спартовыя імпрэзы камэнтаваліся ў асноўным па-беларуску. Варта вярнуцца да колішняй практыкі?

— На мой погляд, СМІ і журналістыка ўвогуле адыгрываюць вялізную ролю ў прапагандзе мовы. Я думаю, што ўсе нашы журналісты добра ведаюць нашу мову, бо інакш проста быць ня можа. Тым ня менш, прычыны, зноў жа, як і ў маім выпадку: яны круцяцца ў расейскамоўным асяродзьдзі і, мабыць, лепш свае думкі выказваюць па-расейку. Хоць і беларуская мова зь іх вуснаў гучыць вельмі прыемна і прыгожа. На колькі я памятаю, па-беларуску рыхтуюць рэпартажы ня толькі Павал Баранаў, Павал Булацкі, але ёсьць і іншыя журналісты, якія раз-пораз ужываюць беларускую мову ў сваіх камэнтах. Рэпартажы таго ж Навіцкага я па-беларуску слухаў ня раз. Як на мяне, дык гэта здорава. І я гэта буду толькі падтрымліваць.

— Беларусь якраз зь ліку тых краінаў, дзе наяўнасьць яшчэ адной дзяржаўнай мовы не вырашае сытуацыю станоўча для мовы тытульнай. Так званае «дзьвюхмоўе», на Ваш погляд, шкодзіць станаўленьню беларускай мовы, ці такой праблемы папросту не існуе?


— Мне здаецца, што ў людзей усё ж павінна быць права выбару, і ўжо ад кожнага канкрэтнага чалавека залежыць, на чым ён спыніць свой выбар. Але, канечне ж, важна, каб прынамсі ў роўных умовах былі дзьве мовы.

— Цяпер, на Ваш погляд, расейская і беларуская ў роўных умовах?

— На жаль, не. Я не кажу нават пра школы і г.д. У нас увесь дакумэнтазварот ідзе па-расейску, хоць яшчэ ня так даўно было на дзьвюх мовах. Дарэчы, ня так даўно натрапіў на відэа 1990-х гадоў. Кінулася ў вочы, што тады нашмат больш людзей кантактавалі паміж сабой на роднай мове. І перадач па тэлебачаньні было куды больш. Але вось так паступова беларуская мова адсоўваецца. І ўвогуле такое адчуваньне, што ў саюзныя часы ў Беларусі на беларускай мове гаварылі больш. Не магу нічога сьцьвярджаць, з чым гэта зьвязана, — неяк сам сабой працэс ідзе.

— Віталь, а хто яшчэ ў камандзе БАТЭ прыхільна ставіцца да беларускай мовы? Сяргей Крывец нібыта нават пачынаў пісаць блог па-беларуску?


— Наколькі памятаю, калі Сяргею такое пытаньне задавалі, дык ён таксама ў падтрымку роднай мовы выступаў. Але я з апытальнікам не хаджу па камандзе, таму трэба такім пытаньнем цікавіцца непасрэдна ў людзей. Шчыра кажу: збольшага нават ня ведаю. Хоць той жа Саня Глеб, як мне падаецца, таксама беларускую мову падтрымлівае.

Застаецца дадаць, што ў сям’і Віталя атачаюць любімыя жанчыны — жонка Валянціна і дачка Маша. Нягледзячы на тое, што дачушцы няма і 4 гадоў, Віталь прызнаецца, што хацеў бы аддаць яе ў беларускую школу...

Даведка

Віталь Радзівонаў нарадзіўся 11 сьнежня 1983 году ў Віцебску. Пачынаў у мясцовых дзіцяча-юнацкіх спартовых школах, у чэмпіянаце Беларусі дэбютаваў за віцебскі «Лякаматыў-96». У 20-гадовым узросьце пераехаў у Менск. У 2003 годзе пачаў выступаць за жодзінскае «Тарпэда», а ў 2006-м падпісаў кантракт з барысаўскім БАТЭ, у складзе якога наступныя шэсьць гадоў нязьменна заваёўваў чэмпіёнскія тытулы. Ад 2007 году выклікаецца ў склад нацыянальнай зборнай, за якую забіў 10 галоў. Спроба пусьціць карані ў нямецкай Бундэслізе аказалася ня самай плённай: паўгадовая эпапея ў «Фрайбургу» суправаджалася збольшага сядзеньнем на лаўцы запасных. Найлепшы нападаючы чэмпіянату Беларусі 2010, 2011 і 2012 гадоў.

Ігар Карней
Радыё Свабода, 25 лістапада 2013


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/271/24193
Текущая дата: 15.11.2024