Белорусский портал в Казахстане

Трыццаць краін падалі заяўкі на ўдзел у сусветным чэмпіянаце лесарубаў у Беларусі



30 краін падалі заяўкі на ўдзел у 30-м сусветным чэмпіянаце лесарубаў у Беларусі, які пройдзе 23—27 жніўня ў алімпійскім спартыўным комплексе "Раўбічы". Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.

Першы чэмпіянат свету сярод лесарубаў быў праведзены ў 1970 годзе па ініцыятыве Венгрыі і Югаславіі.

Першапачаткова чэмпіянаты праводзіліся штогод, з 1996 года сталі праводзіцца раз у два гады. Традыцыйна ў спаборніцтвах удзельнічаюць ад 100 да 150 лесарубаў з 20—25 краін.

Урачыстае адкрыццё чэмпіянату пройдзе 24 жніўня ў спарткомплексе "Раўбічы". У яго праграме — спаборніцтвы па валцы дрэў (у лясным фондзе Лагойскага лясгаса), мантажы ланцуга пілы, распілоўцы камбінаваным рэзам і дакладным пілаванні, па абразанні сукоў, а таксама камандная эстафета.

У дні спаборніцтваў у Раўбічах будзе працаваць выстава-кірмаш ляснога комплексу Беларусі, на якой будзе прадстаўлены шырокі спектр лясной прадукцыі, ляснога машынабудавання, драўлянага домабудавання, тавары народнага спажывання з драўніны, а таксама грыбы, ягады, мёд, дэкаратыўны пасадачны матэрыял і многае іншае.

Сваю прадукцыю прадставяць і шматлікія спонсары чэмпіянату, у тым ліку такія вядомыя вытворцы, як Aspen, Husgvarna, Stihl.

Акрамя асноўных спаборніцтваў для гледачоў будуць арганізаваны розныя конкурсы і майстар-класы, прафесіяналы высока класа прадэманструюць віртуознае валоданне пілавальным інструментам. Адбудуцца таксама спаборніцтвы аператараў фарвардараў. У дні чэмпіянату ў Раўбічах будуць працаваць аніматары, творчыя калектывы і гандаль.

Уваход на стадыён у Раўбічах будзе свабодным. Для гледачоў і балельшчыкаў беларускай каманды будзе арганізаваны рэгулярны аўтобусны маршрут Мінск — Раўбічы.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 8 ліпеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/308/15012
Текущая дата: 15.11.2024