Белорусский портал в Казахстане

Вікторыя Азаранка выйшла ў трэці круг буйнога тэніснага турніру ў Таронта



Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка (4-ы нумар сусветнага рэйтынгу) выйшла ў трэці круг адзіночнага разраду буйнога турніру Rogers Cup у Таронта (Канада) з прызавым фондам 2 млн. 50 тысяч долараў ЗША.

"Пасеяная" на турніры пад 4-м нумарам, першы круг Азаранка прапусціла, а ў другім лёгка абыграла канадку Стэфані Дзюбуа (108) — 6:0, 6:0.

У трэцім крузе Азаранка сёння сустрэнецца з іспанкай Марыяй Хасэ Марцінес Санчэс (37), якая прабілася ў асноўную сетку з кваліфікацыі і ў першым крузе абыграла 14-ю "сеяную" расіянку Анастасію Паўлючэнкаву.

Яшчэ адна беларуская тэнісістка Вольга Гаварцова (105) у адзіночным разрадзе стартавала з кваліфікацыі, але ўжо ў першым крузе пацярпела паражэнне ад італьянкі Альберты Брыянці (56) — 1:6, 5:7.

Вікторыя Азаранка і Вольга Гаварцова таксама гуляюць і ў парным разрадзе.

Дуэт Азаранкі і расіянкі Марыі Кірыленкі атрымаў 4-ы нумар "пасеву" і ад першага круга быў вызвалены. У другім жа крузе беларуска-расійскай пары сёння адбудзецца матч з Анай Івановіч (Сербія) і Андрэа Петкавіч (Германія).

Вольга Гаварцова і Чыа-Юнь Чуань з Тайваня ў першым крузе абыгралі расійска-французскую пару Марыя Кандрацьева/Сафі Лефеўр — 6:3, 7:5. У другім крузе Гаварцова і Чуань сёння згуляюць супраць польскага дуэта Клаудзіа Янс-Ігнацік/Аліцыя Расольска.

Адзначым, што летась Rogers Cup праходзіў на кортах Манрэаля. Вікторыя Азаранка дайшла да паўфіналу, дзе ўступіла расіянцы Веры Званаровай, а Вольга Гаварцова ўжо ў першым крузе прайграла бельгійцы Яніне Вікмаер.

Аляксандр Зайцаў, БелаПАН
Мінск, 11 жніўня 2011 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/329/8533
Текущая дата: 24.11.2024