Белорусский портал в Казахстане

У Нацыянальным агенцтве па турызме распавялі, якія адрэстаўраваныя аб’екты ўжо можна наведаць



Якія адрэстаўраваныя аб’екты ўжо можна наведаць у Беларусі, распавёў на прэс-канферэнцыі дырэктар ДУ «Нацыянальнае агенцтва па турызме» Дзмітрый Марозаў.

Па словах Дзмітрыя Марозава, сёлета ў Беларусі адкрылася шмат новых славутасцяў і месцаў для наведвання.

«Так, адносна нядаўна адкрыўся адрэстаўраваны Косаўскі палац, які з’яўляецца адным з тых турыстычных аб’ектаў, якія дынамічна развіваюцца. Працягваецца актыўнае аднаўленне Ружанскага палаца роду Сапегаў. Акрамя таго, вядуцца работы ў Крэўскім і Гальшанскім замках, дзе прымяняюцца новыя падыходы па рэстаўрацыі. Таксама завяршыўся праект у Палацы Валовічаў у Свяцку, дзе мы ў хуткім часе плануем правесці семінар. Нельга забываць і пра Гродзенскі замак, у якім таксама яшчэ далёка не ўсе пабывалі пасля рэстаўрацыі», — адзначыў дырэктар ДУ «Нацыянальнае агенцтва па турызме».

Ён дадаў, што ўсе абласныя цэнтры і большасць раённых гарадоў, напрыклад Полацк, Навагрудак і Пінск, не стаяць на месцы: «Ва ўсіх гэтых гарадах ідзе рэстаўрацыя гістарычных цэнтраў, адкрываюцца новыя аб’екты размяшчэння, пункты харчавання, сувенірныя крамы. Усе імкнуцца праводзіць цікавыя падзеі і мерапрыемствы. Нагадаю, што на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме размешчаны каляндар падзей на бягучы год, дзе можна азнаёміцца з усімі цікавымі мерапрыемствамі».

Звязда, 19 траўня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/34/69458
Текущая дата: 18.11.2024