Белорусский портал в Казахстане

У Гродне віталі статысячнага бязвізавага турыста, які прыехаў з Беластока



Аляксандр Кучынскі ў Гродне ўпершыню. Ён здзейсніў экскурсіі па гістарычным цэнтры, наведаў замкі, падняўся на аглядальную пляцоўку. Юбілейнага бязвізавага турыста прывіталі мясцовыя ўлады.

Падчас сустрэчы госцю ўручылі сертыфікат на наведванне гарадскога кафэ, а таксама запрасілі ўзяць удзел у ХІІІ фестывалі нацыянальных культур, які адбудзецца налета. Як расказаў сам Аляксандр Кучынскі, ён ужо наведваў Брэсцкую вобласць, а вось у Гродне першы раз. Горад яму вельмі спадабаўся, ён збіраецца пагасціць тут некалькі дзён.

Дарэчы, у Гродне ўжо склалася трывалая традыцыя афіцыйна сустракаць юбілейных гасцей. Сёлета такімі сталі жыхары Варшавы, Таліна, Лондана. З кожным годам колькасць бязвізавых турыстаў расце. Калі летась тут пабывала 92 тысячы, то сёлета за 10 месяцаў — пераваліла за сотню. Горад наведалі прадстаўнікі 37 краін свету.

— Важна даць магчымасць анлайн-знаёмства з рэгіёнам, — лічыць намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч. — І мы ў гэтым кірунку актыўна працуем. Створаны інтэрактыўныя карты музеяў і цікавых падзей, веламаршрутаў рэгіёна. У нас распрацаваны і дапаўняюцца мабільныя праграмы пра Аўгустоўскі канал.

Бязвіз спрыяе і развіццю турыстычнай інфраструктуры. Напрыклад, у Гродне за два з паловай гады дзеяння бязвізавага рэжыму адкрыліся сем хостэлаў і гасцініц, звыш 40 аб`ектаў грамадскага харчавання. Гэта, у сваю чаргу, спрыяе эканоміцы горада: ствараюцца новыя рабочыя месцы, расце тавараабарот.

Аўтар: Маргарыта Ушкевіч
Звязда, 25 кастрычніка 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/43/67693
Текущая дата: 19.11.2024