Белорусский портал в Казахстане

Брэст прымае Адкрыты чэмпіянат Беларусі па плаванні



У Брэсце 4-9 красавіка пройдзе адкрыты чэмпіянат Беларусі па плаванні, паведамілі ў абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па водных відах спорту.

У турніры прымуць удзел 290 спартсменаў. Спаборнічаць яны будуць у 50-метровым басейне Брэсцкага Палаца водных відаў спорту. «Чэмпіянат праводзіцца па змененай праграме. 4 красавіка — дзень прыезду, і пяць дзён спаборніцтваў. Уключаныя паўфінальныя заплывы на дыстанцыі 50 м і 100 м усімі спосабамі плавання, таму павялічылася колькасць спаборніцкіх дзён», — распавялі ў цэнтры алімпійскага рэзерву па водных відах спорту.

На раніцу ў мужчын і жанчын намечаны папярэднія заплывы, на вечар — паўфінальныя і фінальныя старты. Плыўцы будуць вызначаць наймацнейшых на дыстанцыях 50 м, 100 м, 200 м, 400 м, 800 м і 1500 м — брасам, батэрфляем, вольным стылем, на спіне, комплексным плаваннем. У праграме ёсць і эстафеты.

Чакаецца, што чэмпіянат пакажа тэлеканал «Беларусь 5».

Спаборніцтвы ў Брэсце з’яўляюцца адборачнымі для ўдзелу ў чэмпіянаце свету па водных відах спорту (Будапешт, Венгрыя), у чэмпіянаце Еўропы па плаванні (Рым, Італія), у чэмпіянаце Еўропы па плаванні сярод юніёраў (Бухарэст, Румынія).

Звязда, 4 красавіка 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/54/64421
Текущая дата: 19.11.2024