Аператыўнікі магілёўскай транспартнай міліцыі затрымалі 26-гадовага расіяніна па падазрэнні ў крадзяжы кашалька з грашыма. Злачынства было ўчынена ноччу 17 ліпеня ў абласным цэнтры, паведамляе МУС.
Крымінальнай гісторыі папярэднічала віртуальнае знаёмства жыхара Уладзівастока з магіляўчанкай. Яны вырашылі пазнаёміцца адзін з адным бліжэй, таму малады чалавек прыехаў у Беларусь і пасяліўся ў дзяўчыны.
Праз некалькі дзён замежны госць пазнаёміўся з суседам па пляцоўцы, з якім перыядычна выпіваў. Іх чарговае застолле скончылася крадзяжом.
Устаноўлена, што напярэдадні злачынства сабутэльнікі прыйшлі ў краму за дадаткам, аднак не змаглі разлічыцца: у кашальку магілёўца апынулася толькі замежная валюта. У выніку долары абмянялі на чыгуначным вакзале і на таксі паехалі дадому.
Паводле інфармацыі Магілёўскага АУС на транспарце, выходзячы з машыны, беларус не заўважыў, як у салоне упусціў кашалёк. Ён сказаў пра гэта расіяніну, а той падахвоціўся агледзець таксі. Кашалёк знайшоўся, праўда, сабутэльнік забраў яго сабе, не сказаўшы пра гэта гаспадару. Далей кашалёк быў выкінуты, частка выкрадзеных грошай выдаткаваная на спіртное, рэшта наяўнасці схаваная ў кватэры магіляўчанкі.
Раніцай гараджанін зноў паскардзіўся суседу, што не можа знайсці партманэ, на што той параіў пашукаць яго на вакзале і даў яму на таксі з выкрадзеных грошай.
У выніку магіляўчанін звярнуўся ў міліцыю і ацаніў шкоду ў 820 рублёў. Пасля апытання пацярпелага і правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў сышчыкі высветлілі дачыненне расіяніна да злачынства. Апошні ва ўсім прызнаўся і выдаў грошы.
Дзеянням затрыманага следчыя далі прававую ацэнку і распачалі крымінальную справу за крадзеж. Раней малады чалавек не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці.
Звязда, 29 ліпеня 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/96/54927
Текущая дата: 20.11.2024