Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова афіцыйна змяніў рускамоўную шыльду, цяпер каманда называецца "Мяшкоў Брэст". Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце чэмпіёнаў Беларусі.
Гандбольныя спецыялісты і балельшчыкі ў Еўропе ўжо даўно ведаюць БГК пад брэндам Meshkov Brest. Таму, каб уніфікаваць і прывесці да адной роўніцы два імя каманды, з новага сезона і рускамоўная версія змяняецца на "Мешков Брест". Прывычная абрэвіятура БГК захоўваецца ў поўнай юрыдычнай назве клуба: Спартыўнае грамадскае аб`яднанне "Брэсцкі гандбольны клуб "Мяшкоў Брэст".
БГК быў заснаваны ў 2002 годзе ў памяць пра заслужанага трэнера Беларусі Анатоля Мяшкова, які быў родапачынальнікам гандбола на Брэстчыне. За мінулыя гады мяшкоўцы 12 разоў станавіліся чэмпіёнамі Беларусі (2004-2008, 2014-2020), 11 разоў выйгравалі Кубак краіны. Брастаўчане дзевяць разоў гулялі на групавым этапе самага прэстыжнага клубнага турніру Старога Свету - Лігі чэмпіёнаў, чатыры разы выходзілі ў чвэрцьфінал гэтых спаборніцтваў. У 2012 годзе БГК выйшаў у чвэрцьфінал Кубка кубкаў, двойчы станавіўся сярэбраным прызёрам міжнароднай SEHA-лігі.
Гандбалісты "Мяшкоў Брэст" пачалі падрыхтоўку ўжо да новага сезона. Каманда трэніруецца ў Брэсце пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера іспанскага спецыяліста Рауля Алонса. На 5 жніўня запланаваны дамашні спарынг з маскоўскім ЦСКА. Затым чэмпіёны Беларусі маюць намер згуляць у гасцях з польскім клубам "Азоты" з Пулаў, але правядзенне гэтых сустрэч будзе залежаць ад магчымасці перасячы граніцу. У сярэдзіне жніўня брэсцкая каманда адправіцца ў Маскву на "Кубак Яўгена Чарнышова". Афіцыйны старт новага сезона запланаваны на 22-23 жніўня, калі ў Пінску пройдзе перанесены "Фінал чатырох" розыгрышу Кубка Беларусі 2020 года. Праз тыдзень пасля кубкавых баталій стартуе чэмпіянат краіны.
9 ліпеня 2020, Мінск
БЕЛТА
9 ліпеня 2020, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/98/54505
Текущая дата: 20.11.2024