Белорусский портал в Казахстане

Кацярына Паплаўская выйграла для Беларусі трэцяе золата Сусветных ваенных гульняў



Беларуская лёгкаатлетка Кацярына Паплаўская не ведала роўных у бегу на 100 м з бар`ерамі на Сусветных ваенных гульнях ва Ухані, паведамілі ў прэс-службе БФЛА.

У фінальным забегу Кацярына Паплаўская да апошняга змагалася з саперніцамі, фінішаваўшы з рэзультатам 13,36 сек. Срэбра ва ўкраінкі Ганны Плаціцынай (13,40 сек), бронза ў яе суайчынніцы Ганны Чубкаўцовай (13,66 сек).

Раней узнагароды вышэйшай пробы на ваенным спартыўным форуме заваявалі дзюдаіст Даніэль Мукетэ, які выступае ў вагавой катэгорыі 100 кг, і лучніцы Карына Дзёмінская, Карына Казлоўская, Аляксандра Куратнік (яны вызначыліся ў камандным першынстве).

На VII Сусветных ваенных гульнях у Кітаі, якія праходзяць з 18 па 27 кастрычніка, у 27 відах спорту спаборнічаюць больш як 9,3 тыс. спартсменаў-ваеннаслужачых са 109 краін. У склад зборнай Беларусі ўвайшлі 97 спартсменаў.

25 кастрычніка 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/1/50429
Текущая дата: 19.05.2024