У Беларусі зменяцца патрабаванні да гасцініц і іх класіфікацыі, а таксама да персаналу, паведамілі ў прэс-службе Дзяржстандарту.
Праект новага дзяржаўнага стандарту на гасцінічныя паслугі распрацавалі спецыялісты Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі (БелДІСС). У праекце вызначаны крытэрыі і парадак бальнай ацэнкі атэляў у залежнасці ад катэгорыі. Дакумент распаўсюджваецца практычна на ўсе сродкі размяшчэння за выключэннем тых, што здаюцца ўнаём для пражывання, выкарыстоўваюцца для арганізацыі адпачынку і аздараўлення дзяцей, сацыяльнага абслугоўвання, медыцынскіх устаноў, а таксама кемпінгаў, інтэрнатаў.
"Цяпер дзейнічае ДАСТ 28681.4-1995, распрацаваны на аснове рэкамендацый Сусветнай турысцкай арганізацыі. Але за мінулы час прагрэс зрабіў крок наперад, і многія з устаноўленых патрабаванняў маральна ўстарэлі, - адзначыла начальнік аддзела сертыфікацыі паслуг БелДІСС Таццяна Смірнова. - Настаў час распрацаваць новы стандарт, які ўлічвае сучасныя тэндэнцыі, перш за ўсё прымяненне тэлекамунікацыйных тэхналогій. Неабходна таксама выключыць устарэлыя нормы і паслугі, якімі ўжо не карыстаюцца госці. Напрыклад, неактуальна наяўнасць тэлефоннага апарата пад акустычным каўпаком у холе, радыё, канверта, ручкі і пісьмовай паперы ў нумарах".
У новым дакуменце прадугледжаны патрабаванні ў залежнасці ад канкрэтных тыпаў гасцініц. Так, у атэляў да 15 нумароў набор патрабаванняў адзін, пры большай колькасці пакояў - другі.
"Сустракаецца такое, што гасцініца маленькая, але пры гэтым у яе сучасны інтэр`ер, добрая аснашчанасць нумароў, ветлівы і добразычлівы персанал. Яна магла б атрымаць чатыры або пяць "зорак", але для гэтага цяпер трэба мець шырокі пералік прадастаўляемых паслуг. Аднак пры колькасці нумароў не большай за 15 немагчыма, напрыклад, пабудаваць спа-цэнтр або канферэнц-залу. Дзякуючы дыферэнцыраванаму падыходу, гасцініцы пашыраць свае магчымасці для атрымання "зорак", - растлумачыла вядучы інжынер аддзела сертыфікацыі паслуг БелДІСС Таццяна Фаменка.
Акрамя таго, распрацоўшчыкі перагледзелі патрабаванні да курортных атэляў, гасцініц у будынку або на тэрыторыі помнікаў архітэктуры, якія аказваюць аздараўленчыя паслугі, апарт-атэляў, студый, дамоў адпачынку і інш.
У прэс-службе Дзяржстандарту адзначылі, што класіфікацыя гасцініц праходзіць у некалькі этапаў па катэгорыях і заснавана на комплексе патрабаванняў да матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, наменклатуры і якасці аказваемых паслуг, узроўню абслугоўвання, а таксама на паказчыках бальнай ацэнкі гасцініц і персаналу.
Азнаёміцца з праектам СТБ "Паслугі гасцініц. Агульныя патрабаванні і класіфікацыя гасцініц" можна на сайце stb.by ў раздзеле "Распрацоўка". Прапановы і заўвагі прымаюцца ў БелДІСС да 15 студзеня 2020 года (тэлефоны 269-68-49, 269-69-51, адрасы электроннай пошты t.smirnova@belgiss.by, t.fomenko@belgiss.by). Прыняць стандарт плануецца да сярэдзіны 2020 года, а да канца года - увесці ў дзеянне.
На гэты час у рэспубліцы прымяняецца добраахвотная сертыфікацыя паслуг гасцініц і іх класіфікацыя ад адной да пяці "зорак", матэляў - ад адной да чатырох "зорак". Сертыфікаты адпаведнасці маюць 55 гасцініц. Іх пералік можна знайсці, скарыстаўшыся рэсурсам "Сертыфікаваныя атэлі Беларусі".
26 снежня 2019, Мінск
БЕЛТА
26 снежня 2019, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/114/51074
Текущая дата: 17.11.2024