Белорусский портал в Казахстане

Беларускія веласіпедысты заваявалі 10 узнагарод на старце Гран-пры Масквы



На велатрэку ў Крылацкім стартавалі міжнародныя спаборніцтвы «Гран-пры Масквы» з удзелам наймацнейшых веласіпедыстаў Расіі, Беларусі і Казахстана.

У першы дзень спаборніцтваў спартсмены разыгралі 12 камплектаў узнагарод (па 6 у дарослай і юніёрскай узроставых катэгорыях). На рахунку беларускай каманды 10 медалёў — 5 залатых, 3 срэбныя і 2 бронзавыя. У гонцы з выбываннем сярод жанчын лепшы вынік паказала Анастасія Кіпцікава, у мужчынскім і жаночым скрэтчы перамогі атрымалі Раман Раманаў і Караліна Бірук, у гэтым жа відзе праграмы ў дзяўчат не старэйшых за 18 гадоў першынствавала Дзіяна Лавейка.

Беларускі занялі ўвесь пастамент у юніёрскай гонцы з выбываннем — Адэліна Сакун заваявала золата, Лавейка размясцілася на другой пазіцыі, а тройку прызёраў замкнула Дар’я Гарадко. Таксама сярэбраныя ўзнагароды ў гонках з выбываннем нашай камандзе прынеслі Яўген Каралёк (мужчыны) і Ілья Слесарэнка (юніёры), бронзу ў юніёрскім скрэтчы выйграў Уладзіслаў Каўрыга.

Акрамя таго, у пятніцу адбыліся спаборніцтвы ў гіце на 200 м, у якіх Арцём Зайцаў устанавіў новы рэкорд Беларусі — 9,626 сек. У другі і заключны дзень Гран-пры Масквы спартсмены вызначаць наймацнейшых у кейрыне, спрынце і гонцы па балах.

Звязда, 1 чэрвеня 2024


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/13/74345
Текущая дата: 27.12.2024