Белорусский портал в Казахстане

Футбольны клуб "Крумкачы" стаў "Незвычайна фантастычнай камандай"



Футбольны клуб "Крумкачы" (поўная назва "НФК "Крумкачы") паведаміў пра змену назвы. Цяпер гэта будзе "Незвычайна фантастычная каманда".

"Мы прынялі рашэнне спыніцца на назве "Футбольны клуб НФК". Абрэвіятура "НФК" расшыфроўваецца як "Незвычайна фантастычная каманда". Працэдура змены юрыдычнай назвы пачалася. Нас чакае вялікая праца ў міжсезонне", — паведаміла прэс-служба клуба 15 снежня.

7 снежня "Крумкачы" абвясцілі конкурс на новую назву. "За тыдзень мы атрымалі каля 200 лістоў з прапановамі з усёй Беларусі і іншых краін", — адзначаецца ў рэлізе.

Рашэнне змяніць назву клуб, які выйшаў у гэтым годзе з другой лігі ў першую, патлумачыў тым, што "будаўніцтва немагчымае без перабудовы, а часам і ломкі". Змена назвы павінна была стаць "першым сур`ёзным крокам".

"Мы хочам і павінны захаваць пераемнасць нашага брэнда, але рэаліі такія, што на шляху пабудовы сур`ёзнага прафесійнага клуба неабходна "казку зрабіць быллю". Мы не забудзем станоўчыя эмоцыі, але нельга забываць і пра няўдачы, памылкі, якія таксама засталіся ў гісторыі клуба. У сваёй далейшай працы нам трэба будзе накіраваць свае намаганні не толькі на захаванне нашых сённяшніх партнёраў і спонсараў, але і на пошук новых. Нам варта выбудоўваць адносіны з міністэрствам, федэрацыяй, ведамствамі, рознымі прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі. І не заўсёды рэпутацыйны складнік можа спрыяць станоўчым вынікам такой працы", — растлумачыў клуб, абвяшчаючы конкурс.

Раней з`явіліся паведамленні, што Беларуская федэрацыя футбола не зарэгіструе "НФК "Крумкачы" і не дазволіць выступіць яму ў першай лізе (мае статус прафесійнай, у адрозненне ад другой), паколькі са складу БФФ не выйшла ранейшая юрыдычная асоба — ФК "Крумкачы".

"Старыя" "Крумкачы" былі заснаваныя ў 2014 годзе і ўжо ў 2016-м выступалі ў вышэйшай лізе. У пачатку 2018 года клуб быў выключаны з топ-дывізіёна беларускага футбола пасля таго, як не быў дапушчаны да працэдуры ліцэнзавання з-за даўгоў і няпоўнага камплекту пададзеных дакументаў. Пасля гэтага прыхільнікі каманды зарэгістравалі новую юрыдычную асобу і заявілі каманду ў другую лігу.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 15 снежня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/151/46032
Текущая дата: 16.11.2024