Белорусский портал в Казахстане

Беларуская футбольная зборная выйшла ў плэй-оф Лігі нацый



Беларуская футбольная зборная выйшла ў плэй-оф Лігі нацый і працягне барацьбу за месца ў фінальнай частцы чэмпіянату Еўропы 2020 года.

18 лістапада ў заключным матчы групавога раўнда каманда Ігара Крывушэнкі перамагла ў гасцях у Сан-Марына — 2:0 (галы: Драгун, 8, Сарока, 52).

Склад гасцей: Чэрнік, Драгун, Мартыновіч (капітан), Шытаў, Палякоў, Паліцевіч, Савіцкі (Скавыш, 65), Глеб (Пуціла, 69), Сарока, Маеўскі (Кісляк, 79), Стасевіч.

Статыстыка матчу (падлік УЕФА): удары па варотах — 19:1 на карысць беларускай каманды (першы тайм — 10:1), з іх у створ варот — 9:0 (4:0), вуглавыя ўдары — 13:0 (6:0), штрафныя ўдары — 19:11 (10:4), афсайды — 4:2 (3:1), валоданне мячом (у %) — 70:30 (73:27), дакладнасць пасоў (у %) — 89:62 (89:59), дакладнасць пасоў (у абсалютных лічбах) — 677/758:150/241 (347/388: 69/116).

У другім матчы групы 2 найслабейшай лігі D Малдова згуляла ўнічыю з Люксембургам — 1:1 (Гынсарь, 58, з пенальці — Бенс, 70).

Выніковае становішча (пасля 6 тураў): Беларусь — 14 балаў (розніца мячоў 10-0), Люксембург — 10 (11—4), Малдова — 9 (4—5), Сан-Марына — 0 (0-16).

Падчас турніру Беларусь двойчы перамагла каманду Люксембурга (1:0 дома, 2:0 у гасцях), двойчы — у Сан-Марына (дома — 5:0) і падзяліла балы з Малдовай (0:0 дома і на выездзе).

Беларуская зборная як пераможца групы перайшла з лігі D у больш моцную лігу C.

У плэй-оф лігі D (для працягу барацьбы за пуцёўку на Еўра-2020) і лігу С (для ўдзелу ў ЛН-2020) выйшла таксама Грузія (група 1). У двух астатніх квартэтах пераможцы вызначацца 19 і 20 лістапада (у групе 3 — Косава або Азербайджан, у групе 4 — Македонія або Арменія).

У выпадку нетрапляння на ЧЕ-2020 праз традыцыйны адбор (стартуе ўвесну 2019 года) пераможцы груп лігі D у сакавіку 2020 года згуляюць матчы плэй-оф, дзе вызначаць адзінага ўладальніка пуцёўкі на Еўра.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 19 лістапада 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/152/45686
Текущая дата: 16.11.2024