Удзельнічаць у гонцы і змагацца за п`едэстал будуць тры экіпажы, паведамілі ў прэс-службе ААТ "МАЗ".
Гоншчыкі каманды "МАЗ-СПОРТаўта" стартуюць у ралі-рэйдзе Turkmen Desert Race, якое пройдзе па туркменскай пустыні Каракумы.
Ралі-рэйд пройдзе з 11 па 15 верасня і прывядзе са старажытнага горада Амуль (цяпер Туркменабад) у прыбярэжны Хазар ля Каспійскага мора. Працягласць трасы складае 1.614 км, з іх 1.203 км прыпадаюць на спецучасткі. Гоншчыкам трэба будзе пераадолець пустыню Каракумы з яе небяспечнымі пяскамі, у тым ліку вялікімі барханамі.
Ад Беларусі ў ралі будуць удзельнічаць тры экіпажы. Лідар каманды Сяргей Вязовіч паедзе разам са штурманам Паўлам Гараніным і механікам Андрэем Жыгуліным. Другі "МАЗ" павядуць пілот Аляксей Вішнеўскі, штурман Максім Новікаў і механік Андрэй Невяровіч. У трэці беларускі экіпаж увайшлі пілот Аляксандр Васілеўскі, штурман Дзмітрый Віхрэнка і механік Антон Запарошчанка.
Канкурэнцыю ім складуць тытулаваныя пілоты. У прыватнасці "КАМАЗ-майстар" выставіць на гонку два экіпажы пад кіраваннем Айрата Мардзеева і Дзмітрыя Сотнікава.
Беларускія экіпажы ставяць сваёй мэтай заняць першыя месцы ў заліку грузавікоў. Акрамя спаборніцтваў каманда вырашыць і іншую задачу — лепш падрыхтавацца да найбліжэйшага ралі "Дакар". Большая частка маршруту праходзіць па ўчастках з барханамі, якія звычайна выклікаюць цяжкасці і на самым прэстыжным аўтамарафоне планеты.
Ралі Turkmen Desert Race стартуе 11 верасня ў Амулі на ўсходзе Туркменістана. Пасля невялікага ліязону пачнецца 9-кіламетровы адрэзак, які трэба будзе прайсці ў фармаце Super Special, гэта значыць у пары з канкурэнтам. Пасля гэтага гоншчыкаў чакае спецучастак ў 247 км па туркменскім стэпе з разнастайнымі перашкодамі.
Плануецца, што адным з удзельнікаў ралі стане прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў.
"МАЗ-СПОРТаўта" апошнія гады паказвае высокія вынікі ў міжнародных ралі-рэйдах. Так, у студзені гэтага года экіпаж пад кіраваннем Сяргея Вязовіча заняў другое месца на марафоне "Дакар", што стала найлепшым вынікам у гісторыі каманды.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 10 верасня 2018
Мінск, 10 верасня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/160/44867
Текущая дата: 27.12.2024