Белорусский портал в Казахстане

Мінпрыроды падтрымала ідэю мараторыя на адстрэл гусей і качак вясной, паведамілі ў АПБ



Пра гэта паведаміла прэс-служба АПБ.

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя падтрымала ідэю грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" ўвесці мараторый на адстрэл гусей і качак увесну. 

У паведамленні гаворыцца, што з Мінпрыроды атрыманы адказ на петыцыю, апублікаваную на сайце "Зручны горад" у маі гэтага года. Збор подпісаў за ўвядзенне мараторыя, а таксама за забарону выкарыстання паўаўтаматычнай зброі і электронных вабікаў працягваўся месяц. Кампанію падтрымалі вядомыя людзі Беларусі, і ў выніку петыцыя сабрала амаль дзве тысячы подпісаў. Пасля гэтага дакумент накіравалі ў прыродаахоўнае ведамства.

У сакавіку 2018 года быў падпісаны ўказ, які змяніў правілы палявання ў Беларусі. Тэрмін палявання павялічыўся: замест 28 каляндарных дзён дазволілі страляць па птушках 28 паляўнічых дзён, гэта значыць практычна ўсе выхадныя з сярэдзіны сакавіка да сярэдзіны мая, а пакупнікам паляўнічых тураў далі магчымасць паляваць неабмежаваную колькасць дзён на працягу двух месяцаў.

Акрамя таго, да паляўнічых дадалі два віды птушак, якія раней знаходзіліся ў Чырвонай кнізе, — свіязь і гогаля. "Што да спосабаў палявання, то суперэфектыўныя электронныя вабікі, якія транслююць запісы галасоў птушак, і паўаўтаматычная зброя значная яго спрашчаюць", — гаворыцца ў паведамленні.

АПБ выступае супраць веснавога палявання на вадаплаўных птушак. У арганізацыі падкрэсліваюць: "Памылковы адстрэл самак качак і птушак забароненых для палявання відаў, турбаванне водных і каляводных птушак падчас гнездавання, знішчэнне самых моцных асобін, якія перажылі зімоўку або доўгі пералёт, — усё гэта ўдар па папуляцыях птушак". У Еўропе няма іншай краіны, дзе б вясной птушак так пераследавалі паляўнічыя, адзначаюць абаронцы прыроды.

Паводле слоў дырэктара АПБ Аляксандра Вінчэўскага, увядзенне пяцігадовай забароны на вясновы адстрэл вадаплаўных птушак дазволіць навукоўцам і практыкам вывучыць сітуацыю, якая склалася.

"З 1997 года практычна ніхто не ведае, колькі ў нас качак і гусей. Без ўплыву палявання можна будзе вясной дакладна вызначыць усе месцы, важныя для гнездавання шэрай гусі, белавокай чарнеці і іншых качак з Чырвонай кнігі, каб потым увесці заканадаўчыя абмежаванні для палявання ў гэтых раёнах. Нарэшце, паляванне восенню для аматараў пастраляць будзе больш паспяховым і з меншай рызыкай для захавання нашых птушак", — сказаў ён.

У адказе Мінпрыроды адзначаецца, што ведамства цалкам падзяляе занепакоенасць грамадзян і выступала супраць павелічэння тэрмінаў веснавога палявання на вадаплаўных. Аднак гэтыя пярэчанні прынятыя не былі.

Мінпрыроды выказала гатоўнасць ініцыяваць увядзенне пяцігадовага мараторыя, калі атрымае падтрымку і адпаведнае навуковае заключэнне ад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

"Наступным лагічным крокам будзе зварот у НАН Беларусі, як і прапанавала Мінпрыроды, — адзначыў Вінчэўскі. — Калі навукоўцы падтрымаюць нашу пазіцыю, справа зрушыцца".

Ірына Турчына, БелаПАН
Мінск, 14 чэрвеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/167/43832
Текущая дата: 15.11.2024