Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Польшча будуць развіваць супрацоўніцтва ў прыродаахоўнай сферы



Аб гэтым ішла размова ў час рабочай сустрэчы міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Андрэя Худыка з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Польшчы ў Беларусі Артурам Міхальскім.

Такая інфармацыя размешчана на сайце Мінпрыроды.

Андрэй Худык адзначыў, што Беларусь і Польшча накапілі вялікі практычны вопыт супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. "Экалогія не мае межаў, таму мы будзем і далей развіваць наша супрацоўніцтва ў гэтай сферы", - падкрэсліў ён.

Абодва бакі выказалі ўпэўненасць у далейшым паглыбленні плённага ўзаемадзеяння. Беларусь і Польшча стварылі рабочыя групы па трансгранічным аб`екце Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА "Белавежская пушча", па водных рэсурсах. Пастаўленыя задачы паспяхова вырашаюцца. Таксама функцыянуе Заходне-Бугскі басейнавы савет, каардынацыйны савет трансгранічнага беларуска-польска-ўкраінскага біясфернага рэзервата "Заходняе Палессе".

Праводзяцца сумесныя навукова-практычныя даследаванні, накіраваныя на захаванне зубра еўрапейскага ў Беларусі і Польшчы, рэалізуецца шэраг іншых сумесных мерапрыемстваў.

12 ліпеня 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/167/44148
Текущая дата: 26.12.2024