Белорусский портал в Казахстане

Беларусы заваявалі два срэбныя медалі ў спрынце на Сусветнай гімназіядзе ў Грэноблі



І Сусветная зімовая гімназіяда школьнікаў праходзіць 5-10 лютага ў Грэноблі (Францыя) пад эгідай Міжнароднай федэрацыі школьнага спорту (ISF).

Беларусы заваявалі 2 срэбныя медалі ў спрынце на І Сусветнай зімовай гімназіядзе школьнікаў у Грэноблі. У спрынтарскай гонцы на 7,5 км другі рэзультат паказаў беларускі школьнік-біятланіст Павел Бялько. Першае месца ў біятланіста з Украіны, на трэцім - француз. Сярод дзяўчат на дыстанцыі 6 км срэбра ў беларускі Дар`і Кудаевай. Першая прыступка п`едэстала за францужанкай, на трэцім месцы біятланістка з Расіі.

Трэнер каманды біятланістаў Ігар Літвінскі рэзультатамі спартсменаў задаволены. "Падрыхтоўка да старту была цяжкая і ў трэнерскага складу, і ў дзяцей. Мы ведалі, што будзем спаборнічаць з дастойнымі сапернікамі, неардынарнае надвор`е - густы туман і парывісты вецер - таксама дабаўляла пэўнага хвалявання. Тым не менш у нас усё атрымалася. Спрацавалі трэнеры, спрацавалі спартсмены. Беларусь забрала два медалі з шасці", - адзначыў Ігар Літвінскі.

Сёння біятланістаў зноў чакае напружаны дзень - спартсмены прымуць удзел у эстафетнай гонцы. "За медалі разгорнецца сапраўдная барацьба, мы ў ёй прымем удзел. Асабліва чакаем саперніцтва з камандамі з Расіі і Украіны", - падкрэсліў трэнер.

Яшчэ ў адным відзе спорту - кёрлінгу - беларускія спартсмены ўступілі камандзе з Англіі. "На працягу ўсёй гульні нашы спартсмены ўпэўнена вялі ў ліку і склалі англійскім школьнікам дастойную канкурэнцыю. Нашымі сапернікамі ў наступнай гульні стануць удзельнікі з Венгрыі", - паведаміла трэнер каманды па кёрлінгу Яўгенія Орліс. 

У І Сусветнай зімовай гімназіядзе школьнікаў прымаюць удзел зборныя 20 краін, што складае каля 600 спартсменаў. У праграму спаборніцтваў уключаны гарналыжны спорт, лыжныя гонкі, скачкі на лыжах з трампліна, біятлон, кёрлінг, фрыстайл, хакей, снаўборд.

Беларусь з`яўляецца членам ISF з 2012 года. За гэты час беларускія школьнікі двойчы прымалі ўдзел у Сусветных летніх гімназіядах, адна з якіх праходзіла ў 2013 годзе ў Бразіліі, а другая - у 2016-м у Турцыі. Увогуле на двух спаборніцтвах спартсмены з Беларусі заваявалі 14 медалёў, 8 з якіх залатыя.

8 лютага 2018, Грэнобль
Святлана Пекар - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/178/42502
Текущая дата: 15.11.2024