Белорусский портал в Казахстане

Шах, мат і АРТЭфакт - у Гістарычным музеі гуляюць у шахматы



У Мінску праходзіць чэмпіянат Беларусі па шахматах. У спаборніцтвах прымаюць удзел 24 лепшыя шахматысты Беларусі.

Звычайна спаборніцтвы такога рангу не вельмі прыцягваюць да сябе ўвагу, паколькі сталіца ўжо распешчаная турнірамі высокага міжнароднага ўзроўню. Аднак Беларуская федэрацыя шахмат на чале з Анастасіяй Сарокінай зрабіла арыгінальны ход: чэмпіянат арганізавалі ў адной з залаў Нацыянальнага гістарычнага музея.

Цырымонію адкрыцця наведала нямала VIP-персон: першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, старшыня Беларускай федэрацыі баскетбола Максім Рыжанкоў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі, першы намеснік міністра спорту і турызму Вячаслаў Дурноў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Беларусі Фіёна Гіб.

Сцены залы ўпрыгожылі карціны беларускіх мастакоў — Марты Шматовай, Рыгора Іванова, Алены Шлегель і Анастасіі Балыш. А за шклом размясціліся ўнікальныя шахматы, у тым ліку падарункі прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку.

Цырымонія адкрыцця чэмпіянату, а таксама лёсаванне ўдзельнікаў атрымаліся ўрачыстымі, узвышанымі, арыгінальнымі і прыгожымі.

У спаборніцтвах прымаюць удзел 24 лепшыя шахматысты Беларусі (12 мужчын і 12 жанчын). Чэмпіянат завершыцца 28 студзеня.

Анастасія Сарокіна прызналася, што вясной у Мінск прыедзе адзін з славутых шахматыстаў свету, каб правесці сеанс адначасовай гульні. Хто гэта будзе і ў якім незвычайным месцы адбудзецца сустрэча з паважаным госцем, старшыня федэрацыі пакуль вырашыла не казаць, захоўваючы інтрыгу.

Sputnik, 20 студзеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/180/42222
Текущая дата: 15.11.2024