Два беларускія экіпажы паспяхова пераадолелі другі спецучастак юбілейнага ралі "Дакар" і фінішавалі ў першай сямёрцы.
Другі ралі-заезд стаў сур`ёзным выпрабаваннем для гоншчыкаў. Закальцаваны маршрут каля перуанскага Піска праходзіў па ўчастках з вялізнымі дзюнамі і вострымі камянямі. Многія экіпажы затрымаліся ў пясках ці сутыкнуліся з тэхнічнымі праблемамі, з-за чаго страцілі шмат часу.
"Беларускія экіпажы адразу ж ірванулі наперад. "МАЗ" Сяргея Вязовіча прайшоў некалькі машын, у тым ліку "КамАЗ" і Renault, але прыкладна на 60-м кіламетры неасцярожна пайшоў наўскасяк па піку выдмы і затрымаўся на ёй. На шчасце, хутка падаспеў экіпаж Аляксея Вішнеўскага, які выцягнуў грузавік з дапамогай троса, — распавялі ў кампаніі velcom, якая забяспечвае каманду бясплатнай мабільнай сувяззю. — Больш за ўсё парадаваў малады беларускі гоншчык, які ехаў хутка і без памылак. Калі б Аляксей не заблукаў у канцы маршруту, паехаўшы за Дзмітрыем Сотнікавым, то мог бы і ўвогуле фінішаваць у ліку лідараў".
У выніку Вішнеўскі скончыў этап шостым, патраціўшы на пераадоленне спецучастка 3 гадзіны 50 хвілін і адстаўшы ад лепшага часу на 26 хвілін. На паўтары хвіліны больш спатрэбілася Сяргею Вязовічу, які апынуўся сёмым. У генеральнай класіфікацыі беларускія экіпажы займаюць сёмую і восьмую пазіцыі з адставаннем у 29 хвілін.
Тэхнічныя цяжкасці ўзніклі і ў экіпажа пад кіраўніцтвам Аляксандра Васілеўскага. На трасе выйшла са строю адна з турбін матора.
Лідарам гонкі стаў расіянін Эдуард Нікалаеў з каманды "КАМАЗ-майстар".
Трэці этап прывядзе гоншчыкаў ў Сан-Хуан-дэ-Маркона. Хуткасныя ўчасткі складуць 296 км, якія пройдуць у асноўным уздоўж пяскоў і барханаў.
Беларускія гоншчыкі ўдзельнічаюць у ралі-рэйдзе "Дакар" у сёмы раз. Уладальнікам каманды выступае Мінскі аўтазавод, тэхнічным партнёрам — тэлекам-аператар velcom. Асноўная мэта — увайсці ў лік наймацнейшых экіпажаў па выніках ралі ў заліку грузавікоў.
Марафон сёлета праходзіць па тэрыторыі трох краін — Перу, Балівіі і Аргенціны. Працягласць толькі хуткасных участкаў складае 3,5 тыс. км, прычым большая частка маршруту прыпадае на высакагор`е. Завершыцца гонка 20 студзеня ў аргенцінскай Кардобе.
Марафон сёлета праходзіць па тэрыторыі трох краін — Перу, Балівіі і Аргенціны. Працягласць толькі хуткасных участкаў складае 3,5 тыс. км, прычым большая частка маршруту прыпадае на высакагор`е. Завершыцца гонка 20 студзеня ў аргенцінскай Кардобе.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 8 студзеня 2018
Мінск, 8 студзеня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/184/42040
Текущая дата: 28.12.2024