Белорусский портал в Казахстане

З-за памылкі з гімнам пераможніцу юніёрскага ЧЕ па лёгкай атлетыцы беларуску Скварцову ўзнагародзяць паўторна



На юніёрскім чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы ў італьянскім Грасета адбыўся інцыдэнт падчас цырымоніі ўзнагароджання прызёраў у трайным скачку.

Пераможніцай у гэтай дысцыпліне стала беларуска Віялета Скварцова. Калі яна паднялася на п`едэстал, арганізатары спаборніцтваў уключылі гімн не Беларусі, а іншай краіны.

Скварцова пакінула верхнюю прыступку пастамента і адмовілася падымацца на яго нават нягледзячы на магчымую дыскваліфікацыю за падобныя паводзіны, паведамляе прэс-служба Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.



Арганізатары ЧЕ прынеслі прабачэнні беларускаму боку. Таксама было вырашана правесці паўторную цырымонію ўзнагароджання.

Скварцова перамагла ў трайным скачку з вынікам 14 м 21 см, усталяваўшы асабісты рэкорд.

Таксама ў актыве беларускай каманды на ЧЕ срэбра кідальніка молата Аляксандра Шымановіча. У Грасета Беларусь прадстаўляюць 25 лёгкаатлетаў-юніёраў. Спаборніцтвы завершацца 23 ліпеня.

Аляксандр Ванковіч, БелаПАН
Мінск, 22 ліпеня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/192/40104
Текущая дата: 15.11.2024