Гісторыю рабілі вярхом на кані: ніводная вялікая бітва не абыходзілася без конніцы, а кавалерыя Рэчы Паспалітай лічылася мацнейшай у Еўропе.
Конны клуб "Залатая шпора" стварылі аматары гісторыі, і першых коней куплялі дзеля дакладнасці гістарычных рэканструкцый.
Цяпер у клубе дваццаць шэсць коней. Уладальнік клуба Павел Калінкоў распавёў пра ролю каня ў ваенных паходах часоў Рэчы Паспалітай і пра тое, як выбраць сабе не толькі конную школу, але цэлага каня.
Шляхціч паклапоціцца спачатку пра каня
— У вашым конным клубе можна не проста праехаць вярхом, але праехаць верхам у касцюме ўлана. Як звязаны коні і гістарычная рэканструкцыя?
— Калісьці я глядзеў на гістарычную рэканструкцыю, якая ў Беларусі ў асноўным пешая, і здзіўляўся: бо большасць бітваў, войнаў адбывалася вярхом. Любоў да коней у мяне была велізарнай, роўна як і захапленне гісторыяй, так і з`явілася ідэя гістарычнага коннага клуба.
Наша краіна калісьці называлася Вялікім княствам Літоўскім, і конныя традыцыі былі вельмі магутнымі. З ранняга Сярэднявечча войны рабіліся вярхом — і Грунвальдская бітва ў тым ліку. У канцы XVI-XVII стагоддзяў наша конніца была самай моцнай і баяздольнай у Еўропе.
У нас была свая школа верхавой язды, свае пароды, традыцыі. Лічылася, шляхціч у першую чаргу паклапоціцца пра каня, а ўжо пасля — пра сябе. І гэта не проста словы, коней выхоўвалі, вырошчвалі, выводзілі ўласныя пароды.
Краіна ваявала на ўсе чатыры бакі, і з ваенных конных паходаў прывозілі галоўным чынам зброю, каштоўнасці і коней.
— А асаблівыя беларускія пароды за гэты час узніклі?
— Парода вырошчвалася з розных крывей: з усходу браліся арабы, з захаду прывозіліся пароды барочнага тыпу. У XVII-XVIII стст. існавалі законы, якія забаранялі вывозіць коней за межы краіны, за гэта нават маглі адсекчы галаву.
Традыцыя пачала разбурацца яшчэ ў канцы ХVIII ст. з часткамі Рэчы Паспалітай.
Столькі таленавітых людзей сышло ў жарало вайны — і вайны 1812 года, затым здарылася Грамадзянская вайна, дзе нашы коннікі ваявалі з абодвух бакоў, следам — Другая сусветная вайна, дзе таксама коннікі ваявалі з двух бакоў. Шмат людзей, моцных коннікаў, загінулі і панеслі з сабой кавалерыйскую традыцыю.
Апошні ўдар нанеслі камуністы — шмат што было разбурана, а зноўку ўжо не пабудавалі. Пачынаючы з 1917 году знішчалася ўся традыцыя, звязаная з навукай, мастацтвам, у тым ліку — кавалерыйскім.
Навучыцца сядзець у сядле
— Дапусцiм, беларус адчуў тую ж любоў да каня, якую выяўлялі продкі. Як выбраць конны клуб?
— Калі хочаце навучыцца сядзець у сядле, вызначыцеся, ці плануеце стаць значным спартсменам. Нават у трыццаць ці сорак гадоў чалавек пры наяўнасці мэтанакіраванасці можа шмат чаго дасягнуць у спорце. Зразумела, у маладосці шанцаў больш, у дарослым узросце на алімпійскія вынікі разлічваць не давядзецца. У спартыўнай верхавой яздзе інструктары выразна прытрымліваюцца дактрыны.
Прагулкі вярхом даюць магчымасць убачыць вельмі прыгожыя месцы. А калі вы проста любіце прыроду, коней, гісторыю, лепш абярыце стайню пры аграсядзібе. Напрыклад, у дзесяці хвілінах ад нас — рэчка Іслач, у ёй водзіцца стронга, а ўздоўж яе бягуць пясчаныя сцяжынкі, усё гэта можна ўбачыць з "борта нашага самалёта".
Вучыцца можна заўсёды, і вучыцца доўга: ва ўсходніх адзінаборствах няма паняцця "прыйсці ў кропку", ёсць "шлях". Так і ў нас: навучанне яздзе вярхом — гэта "шлях".
— Якому чалавеку будзе прасцей саўладаць з канём?
— Каб дамовіцца з канём, патрэбна спакойная псіхіка. Людзям-істэрычкам складаней, бо конь — эмпат, ён добра адчувае нашы эмоцыі, і таму важная рыса добрага вершніка — сабранасць. Бывае, чалавек яшчэ нічога не ўмее, але конь яго слухаецца, таму што яго лідэрскія якасці дапамагаюць сядзець вярхом, і наадварот — за час заняткаў верхавой яздой у чалавека выпрацоўваецца пэўны характар.
Ідэальны наезнік — той, які ўмее не навязваць сваю пазіцыю, але мякка тлумачыць каню, што патрабуецца. А вось фізічная падрыхтоўка для верхавой язды хоць і пажаданая, але не абавязковая. Я ведаў многіх людзей, якія сваёй упартасцю дасягалі выніку. Камусьці, каб перайсці на галоп, можа спатрэбіцца і тры гады, галоўнае — выявіць жаданне.
— А не ці пакутуюць коні ад чалавечай любові? Бо наўрад ці цуглі робяць іх жыццё прасцей…
— Задача інструктара, няхай гэта будзе спорт або прагулачныя паходы, — навучыць чалавека жыць у гармоніі з канём, патлумачыць, якое дзеянне можа зрабіць яму балюча. Калі конь адчувае спакойнае давер да чалавека, тады і пачынаецца сапраўдная спартовая язда. Дарэчы, менавіта конны паход — адна з лепшых магчымасцяў пачуць яе мову.
Купі каня
Часам чалавеку хочацца ўсё больш, і тады ён купляе каня, разумеючы, што арэнда месца ў стайні прадугледжвае, што конь будзе любіць не толькі свайго гаспадара, але і тых, хто даглядае за ім.
У самога Паўла ёсць конь, на якога рэдка хтосьці сядзе ў адсутнасць гаспадара, клічуць яго Трыстан.
"Каб купіць каня, трэба паездзіць па стайнях. Каня можна выбраць анлайн, прычым у рознай цэнавай катэгорыі — ад пяцісот долараў да васьмісот тысяч долараў. А часам прыходзіць чалавек і кажа — купі каня. Я пытаюся — за колькі? Цана бывае цікавая.
У Беларусі многія стайні прапануюць свае паслугі для прыватных уладальнікаў: адна з самых дарагіх стайняў абыходзіцца ў 500 долараў у месяц. Некаторыя прадастаўляюць толькі памяшканне, іншыя — і корм, і ўборку. Але галоўнае — павінен быць выгул, каню патрэбна рухацца", — растлумачыў Павел. На стайні клуба для вас паспрабуюць падабраць падыходзячага каня: камусьці падыдзе "самаходка", камусьці — конь з характарам. А калі хочаце адразу пасябраваць з жывёлай, вазьміце з сабой яблык ці моркву.
Sputnik, 22 сакавіка 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/197/38919
Текущая дата: 15.11.2024