Абубакар Хаслаханаў прынёс беларускай камандзе першы медаль чэмпіянату свету па барацьбе сярод спартсменаў не старэйшых за 23 гады.
Спаборніцтвы прымае сталіца Албаніі Тырана. Турнір у барцоў грэка-рымскага стылю ў вагавой катэгорыі да 97 кг з удзелам Хаслаханава стартаваў у панядзелак. Абубакар атрымаў перамогі над Лашой Твілдзіані з Грузіі, іранцам Шаянам Хабібзарэ, шведам Альготам Шэльманам і Рыхардам Карэлсанам з Эстоніі, дзякуючы чаму выйшаў у фінал. Сёння ў вырашальным паядынку наш барэц з лікам 6:11 прайграў Аіку Хлаяну з Арменіі, стаўшы тым самым уладальнікам срэбра.
Раней сёлета Хаслаханаў заняў другое месца на моладзевым кантынентальным форуме і заваяваў бронзу на дарослым чэмпіянаце Еўропы. Таксама ён выступіў на Алімпійскіх гульнях у Парыжы, дзе дайшоў да чвэрцьфіналу.
Шансы на медаль турніру ў Албаніі захоўваюць яшчэ двое беларускіх «грэка-рымлян»: заўтра раніцай у суцяшальных паядынках пазмагаюцца Ілья Мялешчык (да 87 кг) і Павел Глінчук (да 130 кг). Таксама ў сераду на МЧМ-2024 па барацьбе стартуюць дзяўчаты, а прадстаўнікі вольнага стылю пачнуць спаборніцтвы 25 кастрычніка.
Звязда, 23 кастрычніка 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/2/75661
Текущая дата: 24.11.2024