Белорусский портал в Казахстане

Хакейная каманда Беларусі-U17 перамагла Казахстан-U18 на Кубку Прэзідэнцкага спартыўнага клуба



На лёдзе сталічнай «Чыжоўка — Арэны» блізкі да завяршэння міжнародны турнір па хакеі з удзелам каманд з трох краін-Кубак Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

На спаборніцтвах выступаюць юнацкая (U17) і юніёрская (U18) зборныя Беларусі, а таксама каманды Расіі-U16 і Казахстана-U18. Гульнявую праграму заключнага дня турніру адкрыў паядынак малодшага беларускага складу з хлопцамі з Казахстана. Стартавая траціна скончылася з мінімальнай перавагай гасцей, але ў другім перыядзе нашы хлопцы не толькі зраўнялі лік, але і выйшлі наперад — 2:1. Аўтарамі галоў сталі Уладзімір Карабаеў і Мацвей Хобян.

На 18-й секундзе трэцяга гульнявога адрэзка казахі адыграліся, пасля чаго лічбы на табло доўгі час заставаліся нязменнымі. Здавалася, авертайма не пазбегнуць, але за хвіліну да сірэны вызначыўся Ілля Кулакоў, а затым Кірыл Сяўко пабіў пустыя вароты суперніка. У выніку 4: 2 на карысць юнацкай зборнай нашай краіны.

Гэтая перамога стала для каманды Беларусі-U17 другой на хатнім турніры, казахстанскія хакеісты прайгралі ўсе тры матчы. Уладальнік Кубка Прэзідэнцкага спартыўнага клуба 2024 года вызначыцца ў паядынку зборных Беларусі-U18 і Расіі-U16, які стартуе на «Чыжоўка-Арэне» ў 14:30.

Звязда, 9 лістапада 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/2/75765
Текущая дата: 24.11.2024