Белорусский портал в Казахстане

Для бязвізавага наведвання Аўгустоўскага канала замежнікам будуць выдаваць спецыяльны дакумент



Пра гэта паведамляе прэс-служба ўрада.

Для бязвізавага наведвання Аўгустоўскага канала замежным грамадзянам будуць выдаваць адмысловы дакумент. Гэта вынікае з Палажэння аб парадку наведвання замежнымі грамадзянамі спецыяльнага турысцка-рэкрэацыйнага парку "Аўгустоўскі канал" і прылеглых да яго тэрыторый, якое зацверджана пастановай Савета міністраў ад 17 кастрычніка 2016 года № 827.

Для бязвізавага ўезду ў Беларусь на тэрмін да пяці сутак замежнаму грамадзяніну неабходна мець з сабой пашпарт (ці іншы дакумент для выезду за мяжу) і дакумент, які дае права на наведванне парку "Аўгустоўскі канал".

Пастановай зацверджаныя формы такіх дакументаў, якія прадстаўляюць права на індывідуальнае або групавое наведванне Аўгустоўскага канала пры бязвізавым парадку ўезду і выезду з Беларусі праз дзяржмяжу з Польшчай — у пунктах пропуску "Лясная" ("Рудаўка"), "Брузгі" ("Кузніца Беластоцкая"), з Літвой — у пунктах пропуску "Прывалка" ("Швяндубрэ"), "Прывалка" ("Райгардас").

Замежнікі павінны паведаміць тураператарам у электроннай або пісьмовай форме свае імя і прозвішча, дату нараджэння, грамадзянства (падданства), пашпартныя даныя, пол. Тураператар уносіць гэтыя звесткі ў дакумент на права наведвання Аўгустоўскага канала. Тураператар таксама арганізуе выдачу гэтага дакумента.

Органы пагранслужбы павінны атрымаць звесткі пра асобаў, якія маюць дакумент на права наведвання Аўгустоўскага канала, не пазней за 24 гадзіны да меркаванага часу іх ўезду ў Беларусь.

У турыстаў павінны быць грошы для выдаткаў на знаходжанне ў Беларусі і выезд з краіны. На кожны дзень знаходжання трэба мець суму ў валюце або беларускіх рублях, эквівалентную не менш чым 2 базавым велічыням (цяпер адна базавая велічыня — 21 рубель).

Пастанова набывае моц 26 кастрычніка 2016 года і будзе дзейнічаць да 31 снежня 2017 года.

Норма, згодна з якой замежнікі змогуць да пяці сутак знаходзіцца без візы ў раёне Аўгустоўскага канала, была зацверджаная ўказам прэзідэнта № 318 ад 23 жніўня.

"Усталяванне бязвізавага парадку наведвання "Аўгустоўскага канала" закліканае садзейнічаць павелічэнню турыстычнага патоку на тэрыторыю парку, працоўнай занятасці мясцовага насельніцтва, прыцягненню інвестыцый у развіццё інфраструктуры парку, правядзенню буйных міжнародных турыстычных і спартыўных мерапрыемстваў", — адзначаецца ў паведамленні.

Указ дзейнічае да 31 снежня 2017 года "з магчымасцю працягу на нявызначаны тэрмін".

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 20 кастрычніка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/204/37338
Текущая дата: 15.11.2024