Белорусский портал в Казахстане

Беларусь выставіла адну з самых шматлікіх каманд на Армейскіх міжнародных гульнях, што адкрыліся пад Масквой



На цырымонію прыбыў міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў, паведамляе ТАСС.

Беларусь удзельнічае ў Армейскіх міжнародных гульнях (АрМІ-2016), якія адкрыліся 30 ліпеня ў падмаскоўным парку "Патрыёт". 

Гульні пройдуць па 13 жніўня ў Расіі і Казахстане — на тэрыторыі 20 палігонаў і ў акваторыі трох мораў. У іх удзельнічаюць каманды з 20 краін: Азербайджана, Анголы, Арменіі, Беларусі, Венесуэлы, Грэцыі, Егіпта, Зімбабве, Індыі, Ірана, Казахстана, Кітая, Кувейта, Кыргызстана, Манголіі, Нікарагуа, Пакістана, Расіі, Сербіі і Таджыкістана. Самыя шматлікія каманды ў Беларусі, Казахстана, Кітая і Расіі.

Прадстаўнікі яшчэ дзевяці краін (Алжыра, Аўстрыі, Германіі, Ізраіля, Інданезіі, Кубы, М`янмы, Намібіі і Саудаўскай Аравіі) прысутнічаюць на гульнях у якасці назіральнікаў.

ЗША і краіны НАТА ад удзелу ў Армейскіх міжнародных гульнях адмовіліся. Між тым Грэцыя, якая ўваходзіць у Паўночнаатлантычны альянс, выступіць у дысцыпліне "Снайперскі рубеж".

Адкрываючы АрМІ-2016, міністр абароны РФ Сяргей Шайгу адзначыў, што спаборніцтвы набіраюць папулярнасць, сёлета колькасць удзельнікаў перавысіла тры тысячы чалавек. "Прыемна, што людзі са зброяй у руках сустракаюцца як таварышы, а грозныя баявыя машыны служаць сродкам спартыўнай барацьбы", — сказаў Шайгу.

Армейскія міжнародныя гульні (АрМІ) — вучэбна-баявыя спаборніцтвы ваеннаслужачых, арганізаваныя Міністэрствам абароны РФ. Яны закліканыя "прадэманстраваць уменні і навыкі салдат і афіцэраў, якія адносяцца да розных відаў і родаў войск".

Першыя АрМІ прайшлі ў жніўні 2015 года на тэрыторыі 11 ваенных палігонаў Расіі. У іх узялі ўдзел каманды з 17 краін. У медальным заліку Беларусь заняла трэцяе месца. Першае месца было ў Расіі, другое — у Кітая.

БелаПАН
Мінск, 30 ліпеня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/210/36452
Текущая дата: 15.11.2024