Брамнік зборнай Беларусі па хакеі — траюрадны брат нацыста Мільчакова.
Хакеіст менскага «Дынама» і зборнай Беларусі Дзьмітры Мільчакоў даводзіцца траюрадным братам расейскаму нацысту Аляксею Мільчакову. Але паміж сабой яны не кантактуюць.
Пасьля нядаўняга наведваньня Беларусі камандзір атрада расейскіх нацыяналістаў «Русіч» Аляксей Мільчакоў паведаміў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Укантакце», што хакеіст менскага «Дынама» Дзьмітры Мільчакоў — ягоны траюрадны брат. «Яго дзед Мільчакоў Дзьмітры Сяргеевіч і мой дзед Мільчакоў Аляксей Сяргеевіч — родныя браты», — напісаў расейскі баявік.
Свабода праз прэс-службу менскага «Дынама» атрымала пацьверджаньне гэтай інфармацыі з боку самога Дзьмітрыя Мільчакова.
«Сапраўды, частка маіх каранёў зь Піцера, — кажа Дзьмітры Мільчакоў. — У прыватнасьці, мой дзядуля, Дзьмітры Сяргеевіч Мільчакоў перажыў блякаду ў падлеткавым узросьце і прыехаў у Беларусь падымаць сучаснае пяцібор’е. Ён выхаваў чэмпіёнаў сьвету і Савецкага Саюза для нашай краіны, стаўшы заслужаным трэнэрам. Таму я ганаруся сваім дзедам».
Дзьмітры Мільчакоў адзначае, што ніколі са сваім траюрадным братам Аляксеям ня меў ніякіх зносінаў:
«Наколькі мне нядаўна стала вядома, Аляксей Мільчакоў мне даводзіцца далёкім сваяком. Я зь ім ніколі не перасякаўся і ня меў зносінаў. Мне вельмі непрыемна, што прозьвішча Мільчакоў усплывае ў такім непрывабным сьвятле. Але гэта, на жаль, зьмяніць немагчыма. У жыцьці мы ўсе выбіраем уласны шлях і адказваем кожны за свае ўчынкі. Мае — далёкія ад радыкальных», — дадаў хакеіст зборнай Беларусі ў інтэрвію Свабодзе.
Радыё Свабода, 6 чэрвеня 2016
Радыё Свабода, 6 чэрвеня 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/215/35803
Текущая дата: 26.12.2024