Белорусский портал в Казахстане

Польшча павялічвае з чэрвеня мінімальную суму пакупак, неабходную для вяртання ПДК



У адпаведнасці з распараджэннем польскага Міністэрства фінансаў, каб вярнуць ПДК пасля пакупак у Польшчы, трэба набыць тавараў не менш чым на 300 злотых (68 еўра).

Польшча павялічвае з 1 чэрвеня 2016 года мінімальную суму пакупак, неабходную для вяртання ПДК па сістэме TaxFree, паведамляе тэлеканал "Белсат".

Гэтая сума павінна быць пазначаная ў дакуменце TaxFree, які выдае прадавец. Да рахунка-фактуры павінен быць прымацаваны і фіскальны касавы чэк.

Цяпер мінімальны сума пакупкі для афармлення TaxFree складае 200 злотых.

Таксама мяняюцца правілы вывазу тавару. Цяпер у выпадку, калі з тэрыторыі ЕС вывозіцца толькі частка тавараў, заяўленых у дакументах TaxFree, пра гэта ў абавязковым парадку неабходна паведаміць работнікам мытні. Пацвярджэнне вывазу будзе дадзенае толькі ў дачыненні да тых тавараў, якія рэальна знаходзяцца ў багажы грамадзяніна, які перасякае мяжу.

Паводле даных польскай статыстыкі, беларусы — на чацвёртым месцы па колькасці сродкаў, выдаткаваных на пакупкі ў Польшчы. У IV квартале 2015 года больш за ўсё грошай у Польшчы пакінулі немцы (40,3%). За імі ідуць украінцы (27,1%), чэхі (11,2%), беларусы (7,9%), славакі (7,2%), літоўцы (4,4%) і рускія (1,9%). Польскія сацыёлагі паведамляюць, што ў апошні квартал мінулага года года з Беларусі ў Польшчу з`ездзілі 1,8 млн. чалавек. Пры гэтым беларусы, якія прыехалі ў Польшчу, толькі за апошні квартал мінулага года патрацілі там 599,1 млн. злотых, або 140,7 млн. еўра, у сярэднім кожны беларус пакінуў у Польшчы 723 злотых або прыкладна 170 еўра.

Прыкладна год таму польскія СМІ паведамлялі пра расследаванне шматлікіх выпадкаў махлярства з вяртаннем ПДК па сістэме TaxFree пры куплі дарагіх тавараў. Паведамлялася пра 1,5 тыс. крымінальных спраў, звязаных з купляй-продажам электронікі. У стандартных схемах махлярства мясцовыя жыхары задзейнічалі беларусаў і ўкраінцаў.

14 красавіка ў Беларусі пачалі дзейнічаць новыя мытныя правілы, паводле якіх пры паездках за мяжу часцей, чым раз на тры месяцы, можна завезці ў краіну тавараў не больш чым на 300 еўра і вагой не больш за 20 кілаграмаў. У адваротным выпадку давядзецца заплаціць пошліну. Калі паездка за мяжу здзяйсняецца радзей чым раз на тры месяцы, па-ранейшаму дзейнічаюць нормы бяспошліннага ўвозу на 1.500 еўра і 50 кілаграмаў.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 13 мая 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/216/35498
Текущая дата: 26.12.2024