Белорусский портал в Казахстане

Беларуская каманда па спартыўнай акрабатыцы выйграла дзве залатыя ўзнагароды на першым этапе Кубка свету



Беларуская каманда па спартыўнай акрабатыцы заваявала дзве залатыя ўзнагароды на першым этапе Кубка свету ў бельгійскім Пуурсе.

Жаночы дуэт у складзе Маргарыты Барташэвіч і Вікторыі Міхновіч заняў першае месца, атрымаўшы ад суддзяў 27,690 бала. Другое месца ў прадстаўніц Бельгіі Лауры Філіпа і Наташы ван Эс (27,620), трэцяе месца дасталося амерыканкам Марэн Меруорт і Джэсіцы Рэнтэрыі (26,110).

Яшчэ адзін залаты медаль на рахунку беларусак у групавых практыкаваннях. Кацярына Барысевіч, Вераніка Набокіна і Карына Сандовіч набралі па выніках выступлення ў фінале 27,950 бала і апярэдзілі каманды з Вялікабрытаніі, якая стала другой (27,240 бала), і ЗША, якая выйграла бронзавую ўзнагароду (26,690).

У спаборніцтвах сярод мужчын сярэбраныя прызёры чэмпіянату свету 2014 года беларусы Яўген Новікаў і Ілья Рыбінскі з рэзультатам 26,920 бала заваявалі бронзавыя медалі. Пераможцамі ў гэтай катэгорыі сталі бельгійцы Вінсэнт Касэ і Арнэ ван Гельдэр (28,030), на другім месцы мужчынскі дуэт з Расіі Аляксей Якаўлеў і Данііл Кузьмін (27,230).

У турніры змешаных пар беларусы Канстанцін Яўстаф`еў і Ганна Касьян занялі чацвёртае месца (27,380 бала). Другі этап Кубка свету па спартыўнай акрабатыцы пройдзе 4-6 сакавіка ў партугальскім горадзе Мая. Асноўным жа стартам у зборнай Беларусі стане 25-ы чэмпіянат свету, які адбудзецца ў кітайскім Пуцяні з 1 па 3 красавіка 2016 года.

16 лютага 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/222/34344
Текущая дата: 28.12.2024