Аб гэтым паведаміў "Альфа-Банк" (Беларусь) - партнёр каманды.
Экіпаж каманды "МАЗ-СПОРТаўта" на чале з Сяргеем Вязовічам фінішаваў на 7-м месцы падчас трэцяга этапу ралі-рэйду "Дакар", які арганізатары гонкі дазволілі ўдзельнікам завяршыць ва ўмовах праліўных дажджоў.
Дажджавой вадой была залітая частка трасы, і многія аўтамабілі папросту загразлі. Складанасці ўзніклі нават у экіпажаў каманды "КАМАЗ-майстар", шматразовых трыумфатараў ралі-рэйду "Дакар". Пры гэтым гоншчыкам на "МАЗах" удалося прайсці патэнцыйна небяспечныя ўчасткі.
"Усе беларускія экіпажы пераадолелі спецучастак без сур`ёзных праблем, — паведамілі ў камандзе. — Траса была вельмі слізкай, шмат што залежала ад навыкаў пілотаў і шчаслівага збегу акалічнасцяў. Гоншчыкі імкнуліся не рвацца наперад, ехалі хоць і хутка, але вельмі асцярожна. І гэтая тактыка сябе апраўдала: многім аўтамабілям давялося выбірацца з гразевых пастак, якія ўтварыліся пасля залеваў".
"МАЗ" Сяргея Вязовіча праехаў трасу за 1 гадзіну 46 хвілін. Найлепшы час на этапе паказаў чэх Марцін Коламы, якому беларускі экіпаж прайграў 3 хвіліны 35 секунд. У агульным заліку беларусы апынуліся на 11-м месцы, адстаючы ад лідара гонкі галандца Ханса Стэйсі амаль на 20 хвілін. Як растлумачылі ў камандзе, адставанне было б меншым, калі б арганізатары марафону не налічылі "зубрам" штрафныя 6 хвілін 30 секунд за перавышэнне хуткасці на ліязоне. Інцыдэнт здарыўся на папярэднім этапе, калі экіпажам трэба было за кароткі час дабрацца да старту спецучастка па незнаёмай мясцовасці.
Экіпаж Аляксандра Васілеўскага фінішаваў на 24-м месцы. На спецучастку гоншчыкі правялі 1 гадзіну 58 хвілін, адстаўшы ад пераможцы заезду на 15 хвілін 27 секунд. У агульным заліку "МАЗ" размясціўся на 22-м месцы. Ад галандца Ханса Стэйсі яго аддзяляе прыблізна 40 хвілін.
"Хуткая тэхнічка" пад кіраўніцтвам Уладзіміра Васілеўскага прыехала на фініш трэцяга этапу на 29-м месцы. Спецучастак "МАЗ" пераадолеў за 2 гадзіны 3 хвіліны, прайграўшы пераможцу заезду 20 хвілін 28 секунд. У генеральнай класіфікацыі экіпаж замацаваўся на 31-й пазіцыі, адставанне ад лідара гонкі складае больш за гадзіну.
Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 6 студзеня 2016
Мінск, 6 студзеня 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/224/33768
Текущая дата: 28.12.2024