Белорусский портал в Казахстане

Экіпаж МАЗа зноў прыйшоў 12-м на чарговым этапе "Дакара"



Беларускія экіпажы пераадолелі шосты этап "Дакара" з пераменным поспехам.

Грузавік пад кіраўніцтвам Аляксандра Васілеўскага паспяхова фінішаваў 12-м, тады як "МАЗ" Сяргея Вязовіча з-за тэхнічных няспраўнасцяў закончыў заезд у ліку апошніх, паведаміў партнёр каманды "Альфа-Банк" (Беларусь).

Працягласць другога кальцавога спецучастка для грузавікоў склала 295 км. Маршрут праходзіў па горнай камяністай мясцовасці на вышыні больш за 3,7 тыс. м над узроўнем мора. Для многіх аўтамабіляў, у тым ліку грузавых, спецучастак аказаўся сур`ёзным выпрабаваннем.

Траса пакарылася экіпажу Аляксандра Васілеўскага за 3 гадзіны 5 хвілін. Пераможцам заезду стаў галандзец Ханс Стэйсі, які вярнуў сабе лідарства ў ралі. На апошнім спецучастку беларускі экіпаж прайграў яму 10 хвілін, а ў агульным заліку адстае на 107 хвілін, падняўшыся з 17-га на 16-е месца.

Менш удалым аказаўся шосты этап для экіпажа пад кіраўніцтвам Сяргея Вязовіча. У пачатку спецучастка ў аўтамабіля ўзніклі праблемы з рухавіком, ліквідаваць якія дапамагала "хуткая тэхнічка", што ехала ззаду. На гэта спатрэбілася каля дзвюх гадзін. У выніку 507-мы экіпаж прыйшоў да фінішу 46-м, затраціўшы на праходжанне трасы 5 гадзін 24 хвіліны. Адставанне ад лепшага паказчыка дня склала каля 2 гадзін 29 хвілін. У турнірнай табліцы экіпаж перамясціўся на 25-е месца і цяпер адстае ад лідара марафона на 4 гадзіны 20 хвілін, што практычна пазбаўляе яго шансаў на прызавыя месцы.

Месцам ніжэй і на 3 хвіліны пазней фінішаваў экіпаж Уладзіміра Васілеўскага. У генеральнай класіфікацыі ён займае 32-е месца, прайграючы Хансу Стэйсі 6 гадзін 11 хвілін.

Наступны этап уключае спецучастак даўжынёй 353 км. Гоншчыкаў чакае горны маршрут з перападамі вышынь і воднымі перашкодамі. Пасля яго для экіпажаў наступіць дзень адпачынку.

Уладальнікам беларуская каманды выступае Мінскі аўтазавод, партнёрам — "Альфа-Банк" (Беларусь). Ралі-рэйд "Дакар-2016" праходзіць па тэрыторыях дзвюх краін — Аргенціны і Балівіі.

Пачалася гонка 3 студзеня ў Расарыа, а завершыцца 16 студзеня ў тым жа горадзе. За гэты час гоншчыкам неабходна праехаць каля 9 тыс. км ва ўмовах бездарожжа, высакагор`я, камяністых участкаў, каньёнаў, саланчакоў, пясчаных дзюн і барханаў.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 9 студзеня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/224/33789
Текущая дата: 28.12.2024