Белорусский портал в Казахстане

Беларускія баксёры, якія выйшлі ў паўфінальныя баі міжнароднага турніру памяці Героя Савецкага Саюза Віктара Лівенцава, гарантавалі сабе яго ўзнагароды



Аб гэтым паведамілі ў Беларускай федэрацыі бокса.

У першыя два дні (5 і 6 мая) на турніры праходзілі папярэднія баі. Спартсмены, якія пераадолелі гэты бар`ер і прабіліся ў паўфіналы, гарантавана трапяць на п`едэстал гонару.

Што датычыцца беларускіх баксёраў, то капітан нацыянальнай зборнай Віталь Бандарэнка (вагавая катэгорыя да 75 кг) не змог пераадолець супраціўленне свайго калегі па камандзе Андрэя Трацэўскага і не прабіўся ў паўфінальны раўнд. Больш вопытны баец уступіў раздзельным рашэннем суддзяў.

Паспяхова склаўся турнірны лёс у Івана Фігурэнкі (52 кг), які перамог прадстаўніка Малдовы Юльяна Іванова. У вазе 60 кг Дзмітрый Сапон узяў верх над больш маладым калегам па зборнай краіны Ягорам Курбанавым. Вопытныя "файтары" Вазген Сафар`янц (60 кг) і Магамед Нурудзінаў (69 кг) паспяхова пераадолелі супраціўленне адпаведна турэцкага спартсмена Волкана Гекрэка і грузіна Гелы Абашыдзэ. Запісалі вікторыі на свой рахунак удзельнік II летніх юнацкіх Алімпійскіх гульняў у Нанкіне Ільяс Адзінаеў (60 кг), а таксама Павел Кастрамін (69 кг), Вадзім Панкоў і Віктар Мурашкін (абодва - 75 кг). Адзінаеў вельмі моцна выглядаў на фоне літоўца Эдзінаса Пуплаўшаса, Кастрамін змог перамагчы ўзбека Ісраіля Мадрымава, Панкоў прадэманстраваў сваю перавагу над малдаўскім баксёрам Віктарам Карапчэшвілі, а Мурашкін трапіў у наступны раўнд без барацьбы, таму што яго апанент зняўся са спаборніцтваў з-за траўмы.

У радах беларускіх спартсменаў, якія прадаўжаюць змагацца за медалі турніру, таксама Дзмітрый Асанаў (56 кг), які перамог апанента з Грузіі Георгія Гагацішвілі, і Яўген Далгалевец (64 кг), які датэрмінова завяршыў свой бой супраць калегі па камандзе Аляксея Гоглева. Апошняму прадаўжаць паядынак перашкодзіла сур`ёзнае рассячэнне.

Што датычыцца турнірных страт беларускай зборнай, то акрамя Віталя Бандарэнкі і Ягора Курбанава завяршылі сваё выступленне Элербек Ахмедаў (60 кг), Яўген Макарчук (69 кг), Дзяніс Юцкевіч (64 кг), Ілья Дзямідаў (81 кг).

Паўфінальныя паядынкі ў мінскім Палацы спорту сёння стартуюць у 17.00. У пятніцу, 8 мая, вырашальныя сустрэчы будуць праходзіць з 15.00 да 18.30.

7 мая 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/236/30923
Текущая дата: 15.11.2024