Белорусский портал в Казахстане

Вікторыя Азаранка ўвайшла ў ТОП-10 самых высокааплатных спартсменак свету па версіі Forbes



Інфармацыя аб гэтым размешчана на сайце амерыканскага выдання.

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка заняла шостае месца ў рэйтынгу ТОП-10 самых высокааплатных спартсменак свету, які штогод складае Forbes.

Паводле ацэнкі Forbes, за мінулыя 12 месяцаў (у перыяд паміж чэрвенем 2013 года і чэрвенем 2014 года) Віка зарабіла $11,1 млн, уключаючы $3,6 млн - прызавых. Дарэчы, нядаўна Азаранка вярнулася ў дзясятку мацнейшых тэнісістак ВТА, дзе раней была на працягу 200 тыдняў.

На першым месцы ў ТОП-10 размясцілася расійская тэнісістка Марыя Шарапава. Прычым часопіс Forbes ставіць Шарапаву на вяршыню рэйтынгу ўжо дзясяты раз запар, пачынаючы з 2004 года. За год Шарапава папоўніла свае зберажэнні на $24,4 млн, у асноўным гэта даход ад рэкламных кантрактаў з Samsung, Nike, Avon, Tag Heuer, Evian і Head.

Цікава, што першыя тры месцы рэйтынгу дасталіся спартсменкам, якія гуляюць у тэніс. Другое месца на п`едэстале высокіх заработкаў аддадзена кітаянцы Лі На, сукупны даход якой Forbes ацаніў у $23,6 млн. З іх $5,6 млн тэнісістка атрымала дзякуючы гульні на корце, а $18 млн ёй прынеслі камерцыйныя кантракты. Бронза рэйтынгу дасталася Серэне Уільямс - пастаяннай саперніцы Вікторыі Азаранка на корце. Серэна зарабіла $22 млн, палавіну гэтай сумы склалі прызавыя грошы. Усяго ў дзясятку самых высокааплатных спартсменак свету ўвайшлі сем тэнісістак. Што наглядна паказвае, які від спорту самы даходны і на каго трэба вучыцца!

На чацвёртым месцы ТОП-10 размясцілася паўднёвакарэйская фігурыстка Кім Юна, якая заваявала сярэбраны медаль на Алімпіядзе ў Сочы. Дзяўчына зарабіла $16,3 млн, з іх $16 млн - на рэкламе. Пятае месца ў амерыканскай аўтагоншчыцы Данікі Патрык, якая атрымала $15 млн (уключаючы $7 млн прызавых).

Далей у спісе зноў тэнісісткі: сёмы радок у Каралін Вазняцкі з Даніі ($10,8 млн, прызавыя - $1,3 млн), Агнешка Радваньска з Польшчы ($6,8 млн, прызавыя - $3,8 млн) і Ана Іванавіч з Сербіі ($6,4 млн, прызавыя - $1,4 млн).

Замыкае дзясятку лідараў амерыканская гальфістка Паўла Крымер, якая зарабіла $5,5 млн (уключаючы прызавыя - $1 млн).

13 жніўня 2014, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/254/27160
Текущая дата: 15.11.2024