Белорусский портал в Казахстане

Мiнск проста ідэальна падыходзіць для правядзення чэмпіянату свету па хакеі



Такое меркаванне 10 траўня выказалі заўзятары зборнай Германіі, якія прыйшлі ў » Мінск- Арэну» падтрымаць сваю каманду ў матчы супраць Казахстана.

Нямецкія заўзятары называюць Мінск ідэальным горадам для чэмпіянату свету па хакеі

Мінск — гэта хакейны горад. Тут усё любяць хакей. Мы бачылі зусім маленькіх дзетак з клюшкамі і ўжо вельмі дарослых людзей з хакейнай атрыбутыкай і намаляванымі на твары сцягамі.

Турнір для зборнай Нямеччыні пачаўся 10 траўня матчам супраць Казахстана. "Думаем, гэта будзе цяжкая гульня. Шмат сілавой барацьбы на лёдзе. Кожная каманда будзе імкнуцца не прапусціць, магчыма, згуляе ад абароны. Але мы ўпэўненыя ў нашай зборнай — ставім на рахунак 3:2 на карысць Германіі", — адзначылі заўзятары. Яны распавялі, што здзіўлены тым, якая ўвага надаецца хакею ў Беларусі.

"У Нямеччыне гэты спорт не такі папулярны, як, скажам, футбол. На вялікі жаль. Шмат у чым гэта звязана з палітыкай нашых вяшчальных тэлевізійных каналаў. Яны неахвотна купляюць правы на хакейныя трансляцыі. Як правіла, хакей у Германіі можна паглядзець толькі на платным ТБ. Гэта сумна. У Нямеччыне сапраўды ўсё больш людзей адкрываюць для сябе хакей. Наша зборная ў апошнія гады ўсё часцей радуе вынікамі. Шкада толькі, не ўдалося прабіцца на Алімпіяду ў Сочы. Але мы спадзяемся ўбачыць добры хакей у выкананні нашых хлопцаў у Мінску", - распавялі немцы.

Аказалася, што заўзятары з Германіі прыехалі ў Мінск вялікімі кампаніямі. "Мы з Гамбурга. Узялі сяброў, селі на машыну і прыехалі ў Мiнск. Гэта вельмі добрая ідэя — адмяніць візы для заўзятараў. Няма праблем на мяжы. Усё гэта спачатку пудзіла — ехаць у іншую краіну, дзе мы раней не былі. А калі даведаліся, што дастаткова толькі квітка — супакоіліся. Для балельшчыкаў гэта вельмі важна — няма праблем, і можна проста глядзець хакей і адпачываць", — распавялі яны.

Германія нездарма славіцца сваімі піўнымі традыцыямі. Хто як не яны лепш за ўсіх разбіраюцца ў піве. "Беларускае піва мы ўжо паспрабавалі. Зусім нядрэнна ! Смачнае і лёгкае — як раз тое, што трэба ў цёплае надвор’е. Асабліва смачнае піва прадаюць на разліў — паўсюль каля Мінск- Арэны і нават усярэдзіне. Нас таксама здзівіла, што ў Беларусі вараць піва па ліцэнзіі буйных еўрапейскіх марак. Мы ўжо сустракалі тут славацкае піва, спрабавалі нават нямецкае. Такое ж добрае, як дома", — распавялі заўзятары.

У Менск гэтыя аматары хакея прыехалі ўпершыню. Аднак многае чулі пра Беларусь. "У Германіі ўсе любяць біятлон. Амаль гэтак жа, як футбол. І вядома, мы былі вельмі ўражаныя выступам Дар’і Домрачавай у Сочы. Тры залатыя ўзнагароды — гэта проста надзвычайны вынік. Вельмі крыху спартсменам такое ўдаецца. У нямецкага біятлона таксама ёсць героі, мы вельмі ганарымся імі", — падкрэслілі заўзятары.

Звязда, 10 траўня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/260/26020
Текущая дата: 15.11.2024