Белорусский портал в Казахстане

Беларускае ДТСААФ удзельнічае ў міжнародным аўтапрабегу па гарадах вайсковай славы Беларусі, Украіны і Расіі



15 красавіка стартаваў чацвёрты міжнародны аўтапрабег спартсменаў-аўтааматараў па гарадах-героях і гарадах вайсковай славы Беларусі, Расіі і Украіны.

Арганізатарамі акцыі выступілі ДТСААФ Беларусі і Расіі, а таксама Таварыства садзеяння абароне Украіны. Аўтапрабег праводзіцца па ініцыятыве Саюза ДТСААФ СНД у адпаведнасці з планам работы Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі на 2013 год. Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага ДТСААФ, сёлета мерапрыемства прысвечана 70-годдзю Сталінградскай бітвы і 100-годдзю з дня нараджэння першага тройчы Героя СССР маршала авіяцыі Аляксандра Пакрышкына. "Аўтапрабег праводзіцца з мэтай умацавання дружбы паміж народамі Беларусі, Расіі і Украіны, патрыятычнага выхавання грамадзян, папулярызацыі і развіцця аўтамабільнага спорту", — адзначаецца ў прэс-рэлізе.

Восем членаў экіпажа ДТСААФ Беларусі на чатырох аўтамабілях накіруюцца з Брэста ў вёску Рэчкі  (Магілёўская вобласць) праз Баранавічы, Мінск і Магілёў. За Рэчкамі яны перасякуць мяжу з Расіяй, дзе праедуць праз Смаленск, Маскву і Валгаград. На сваім шляху экіпаж возьме ўдзел ва ўрачыстых мітынгах, ускладанні вянкоў да помнікаў савецкім воінам, сустрэчах з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, Узброеных сіл і ДТСААФ, воінамі-інтэрнацыяналістамі, моладдзю, прадстаўнікамі СМІ, выступленнях музычных калектываў ДТСААФ.

Урачысты мітынг з удзелам старшыні ДТСААФ Беларусі Івана Дырмана, супрацоўнікаў таварыства і моладзі адбудзецца 16 красавіка ў 9.00 каля стэлы "Мінск — горад-герой". Пасля мітынгу ўдзельнікі аўтапрабегу ўскладуць вянкі і кветкі да стэлы, сустрэнуцца з прадстаўнікамі прэсы.

Збор усіх удзельнікаў аўтапрабегу і мітынг з удзелам прадстаўнікоў абаронных таварыстваў Расіі, Беларусі і Украіны адбудзецца 20 красавіка на Васільеўскім спуску Чырвонай плошчы ў Маскве. Урачыстыя мерапрыемствы таксама пройдуць 26 красавіка ў Валгаградзе.

Аўтапрабег завершыць калона аўтамабіляў з экіпажамі расійскага ДТСААФ, якая накіруецца па гарадах-героях і гарадах вайсковай славы Расіі да Уладзівастока.

Акцыя будзе доўжыцца да 8 мая.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 15 красавіка 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/285/20608
Текущая дата: 16.11.2024