Белорусский портал в Казахстане

Гонкі на сабачых запрэжках "Завіруха 2013" збяруць больш за 100 удзельнікаў



Спаборніцтвы пройдуць 26-27 студзеня ў РЦАП "Раўбічы", паведаміла адзін з арганізатараў спаборніцтваў старшыня беларускага "Клуба паўночных ездавых сабак" Вольга Ведзянеева.

Рэкордная колькасць беларусаў і замежных грамадзян прымуць удзел у штогадовых гонках на сабачых запрэжках "Завіруха 2013".

У час самых першых спаборніцтваў на сабачых запрэжках у 2011 годзе на старт выйшлі ўсяго 17 спартсменаў. Колькасць удзельнікаў "Завірухі 2013" вырасла да 34. Колькасць жадаючых паспаборнічаць за перамогу ў "Завірусе 2013" перасягнула ўжо 100 спартсменаў з розных краін - Беларусі, Расіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны, Польшчы.

Расказваючы аб складзе ўдзельнікаў, Вольга Ведзянеева заўважыла, што склад удзельнікаў "Завірухі 2013" стане сапраўды разнашэрсным. Нараўне з традыцыйнымі ездавымі сабакамі (хаскі, маламут, самаедамі) за перамогу ў гонках паспаборнічаюць і пароды, не звязаныя з зімовымі ездавымі відамі спорту. Напрыклад, у спаборніцтве прыме ўдзел запрэжка доберманаў з Масквы. Акрамя таго, паводле слоў арганізатараў, у заездах усё часцей удзельнічаюць метысы.

"Завіруха 2013" парадуе гасцей асабліва відовішчнай двухдзённай праграмай (раней спаборнічалі толькі адзін дзень). Наведвальнікаў чакаюць спаборніцтвы па скіджорынгу (буксіроўка лыжніка адным або двума сабакамі), гонкі на сабачых запрэжках (з 2, 4 і 6 сабак), эстафета (пераадоленне камандай трасы на час), якая складаецца з чатырох этапаў.

Гасцей спаборніцтваў, якія прыбылі на "Завіруху 2013" са сваімі гадаванцамі, не пакінуць без прыемных сюрпрызаў. Усе жадаючыя змогуць паспаборнічаць за перамогу ў дадатковых конкурсах: "Самы моцны сабака Беларусі", "Конкурс глядацкіх сімпатый" і "Самы прыгожы сабака Беларусі".

Яшчэ адной асаблівасцю гонак стане трансляцыя ўсяго, што будзе адбывацца на трасах, на вялікім экране, размешчаным на стадыёне. "Гэта новаўвядзенне дасць магчымасць нашым гасцям у поўнай меры атрымаць задавальненне ад спаборніцтва, - пераканана Вольга Ведзянеева. - Даўжыня трас будзе вар`іравацца ад 550 м да 10 км".

Стаць удзельнікам "Завірухі 2013" змогуць жадаючыя незалежна ад наяўнасці ў іх чатырохногага сябра радаслоўнай. Для выступлення ў гонках гаспадар павінен мець ветэрынарны пашпарт (або даведку) на сабаку і рыштунак для ўдзелу ў спаборніцтвах. "Удзельнікі павінны валодаць хаця б асновамі ездавога спорту", - удакладніла Вольга Ведзянеева.

Пераможцам гонак стане спартсмен, які паказаў пры праходжанні дыстанцый лепшы час (па суме рэзультатаў двух дзён). Прызавы фонд будзе фарміравацца са спонсарскіх і іншых прыцягнутых сродкаў і складзе не менш як Br10 млн.

У ліку арганізатараў спаборніцтваў на сабачых запрэжках - дэпартамент па турызму Міністэрства спорту і турызму, упраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму Мінаблвыканкама, Мінскі раённы выканаўчы камітэт, Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы".

28 снежня 2012, Мінск
Марыя Дзмітрыева - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/292/18634
Текущая дата: 16.11.2024