Белорусский портал в Казахстане

Дар`я Домрачава: Вельмі прыемна ўсведамляць, што твае перамогі святкуе ўся краіна



Позна вечарам 25 сакавіка рэйсам з Вены вярнулася ў Мінск жаночая зборная Беларусі па біятлоне.

У нацыянальным аэрапорце каманду сустракалі каля сотні балельшчыкаў, а таксама афіцыйныя асобы — старшыня беларускай федэрацыі біятлона Вадзім Зайцаў і памочнік прэзідэнта па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Ігар Заічкаў.

"Даша Домрачава 16 разоў падымалася на п`едэстал, стала уладальніцай двух Малых хрустальных глобусаў. Але асабліва хочацца павіншаваць Дашу з заваяваннем тытула чэмпіёнкі свету. Таксама нельга не адзначыць каманднае серабро на шостым этапе Кубка свету ў Італіі. І мы ўпэўнены, што будучы сезон будзе яшчэ больш паспяховым. З сыходам Нойнер — Даша лепшая, вядучая біятланістка свету. І я ведаю, што яна будзе лепшай. Хачу падзякаваць маме Дашы за тое, што яна выхавала сапраўднага патрыёта беларускай дзяржавы", — сказаў Зайцаў.

Размаўляючы са сваімі паклоннікамі ў аэрапорце, Домрачава адзначыла: "На самой справе цяпер цяжка прыдумаць нейкія падыходзячыя словы, эмоцыі проста перапаўняюць. Хочацца падзякаваць вам, балельшчыкам, за вашы эмоцыі, за вашы ўсмешкі, якія мы адчувалі за мяжой, абараняючы гонар нашай краіны. Вельмі прыемна ўсведамляць, што твае перамогі святкуе ўся краіна".

Нагадаем, Домрачава ў завершаным сезоне стала другой (пасля немкі Магдалены Нойнер, якая аб`явіла аб завяршэнні спартыўнай кар`еры) у агульным заліку Кубка свету, выйграла два Малыя хрустальныя глобусы (у гонцы пераследу і мас-старце), а таксама заваявала дзве ўзнагароды на чэмпіянаце свету (1 золата і 1 серабро).

Член зборнай каманды Людміла Калінчык ацаніла мінулы сезон з пункту гледжання яе вынікаў як здавальняючы.

"Прааналізавала ўсе гонкі, вынік лічу дастойным. Чатыры месяцы я трэніравалася па індывідуальным плане. Да новага года наогул не планавала выступаць на этапах Кубка свету. І тое, што я трапіла ў асноўны склад на чэмпіянаце свету ў эстафету, гэта высокі вынік. Хочацца верыць, у наступным годзе дам больш падстаў для радасці беларускім балельшчыкам", — падсумавала біятланістка.

Яна таксама пракаментавала інцыдэнт з выказваннем старшага трэнера жаночай зборнай Расіі па біятлоне Вольфганга Піхлера, які публічна абвінаваціў Дар`ю Домрачаву ў прымяненні допінгу падчас чэмпіянату свету. Па патрабаванні Міжнароднага саюза біятланістаў ён асабіста выказаў прабачэнні спартсменцы, паведаміла Людміла Калінчык.

БелаПАН, 26 сакавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/318/12959
Текущая дата: 16.11.2024