Белорусский портал в Казахстане

Амер Дэліч: Макс Мірны — выдатны гулец, і ён заўсёды паляпшае ў якасці гульні свайго напарніка



Мужчынская зборная Беларусі па тэнісе выйшла наперад у матчавай сустрэчы другога раўнда II групы Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэвіса супраць каманды Босніі і Герцагавіны.

7 красавіка ў парным паядынку беларусы Максім Мірны (3-ці нумар парнага рэйтынгу) і Аляксандр Буры (175-ты парнага) у трох сетах за 2 гадзіны 36 хвілін перайгралі баснійцаў Амера Дэліча (357-мы парнага) і Таміслава Бркіча (611-ты парнага) — 6:2, 7:6, 7:6.

"Я думаю, мы правялі вельмі добры матч, — падзяліўся на пасляматчавай прэс-канферэнцыі Таміслаў Бркіч. — Гуляючы супраць Макса Мірнага, гульца з топ-лігі, мелі цудоўныя шанцы ў другім і трэцім сэтах, але, на жаль, не скарысталі іх. Справа ў тым, што з Амерам мы гулялі толькі другі раз, так што, думаю, у будучым у нас добрыя перспектывы на парную гульню".

Амер Дэліч, у сваю чаргу, зазначыў: "Я таксама паўтару, што Макс — выдатны гулец, і ён заўсёды паляпшае ў якасці гульні свайго напарніка. Буры таксама гуляў сёння вельмі добра, але ўсё ж, як ні круці, нават у першым сэце мы мелі шанцы і, у прынцыпе, гулялі нароўні. Але падач Макса выйгралі вельмі мала. Як ужо сказаў Таміслаў, мы толькі другі раз гуляем разам і пакуль не да канца згуляныя".

8 красавіка адбудуцца два адзіночныя матчы. Спачатку на корт павінны выйсці Ігнацік і Дэліч, затым — Жырмонт і Дзумхур. Аднак неабходна зазначыць, што капітаны абедзвюх каманд згодна з рэгламентам Кубка Дэвіса могуць зрабіць замены на нядзельныя гульні.

БелаПАН

7 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/318/13394
Текущая дата: 25.12.2024