Белорусский портал в Казахстане

Урад Беларусі зацвердзіў дзяржпраграму развіцця турызму на 2011—2015 гады



Дзяржаўная праграма развіцця турызму ў Беларусі на 2011—2015 гады зацверджана пастановай Савета міністраў № 373 ад 24 сакавіка 2011 года, паведамляе прэс-служба ўрада.

Згодна з праграмай, экспарт турыстычных паслуг да 2015 года павінен вырасці ў 3,5 разу і скласці 510 млн. долараў. Дакументам прадугледжаны будаўніцтва і рэканструкцыя больш чым 200 турыстычных аб`ектаў, уключаючы комплексы, паляўнічыя дамы і помнікі культуры.

У ім таксама прадугледжана значнае скарачэнне долі бюджэтнага фінансавання. Так, толькі на 18% праграма будзе фінансавацца з бюджэту, астатняе складуць сродкі з пазабюджэтных крыніц.

Вялікая ўвага нададзена гасцінічнаму кірунку, асабліва гасцінічнаму сектару Мінска, які ў 2014 годзе павінен прыняць чэмпіянат свету па хакеі. Для інвестараў вызначаны 28 пляцовак пад будаўніцтва гасцінічных комплексаў, па 14 з іх ужо ёсць канкрэтныя праекты. Бліжэй да 2014 года лік даступных пад будаўніцтва гасцініц пляцовак можа быць павялічаны.

Развіццю турызму часткова прысвечаны і іншыя праграмы, уключаючы дзяржаўную праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010—2015 гады і дзяржаўную праграму развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёну на 2011—2015 гады. Усяго да 2015 года ў Беларусі плануецца пабудаваць і рэканструяваць больш за 1,1 тыс. турыстычных аб`ектаў.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 29 сакавіка 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/339/5530
Текущая дата: 27.12.2024