Белорусский портал в Казахстане

Беларускія фрыстайлісты апрабавалі месца алімпійскіх баталій



Беларускія фрыстайлісты правялі першую трэніроўку ў снежным парку Геньцін, дзе ім у хуткім часе давядзецца змагацца за алімпійскія ўзнагароды.

Адзін з трэнераў беларускіх лыжных акрабатаў Міхаіл Курловіч сказаў, што атмасфера на алімпійскім схіле добрая. Ён адзначыў, што прызямленне тут круцейшае, чым на этапах Кубка свету: "У цэлым да канца трэніроўкі спартсмены адчулі, як трэба скакаць і змаглі выйсці на трайныя сальта, жаночая каманда адпрацоўвала двайныя сальта, усё ідзе згодна з планам".

Алімпійская чэмпіёнка Пхёнчхана-2018 Ганна Гуськова сказала, што, нягледзячы на даволі моцны мароз, усе спраўляюцца і настроены па-баявому. Разам з ёй на пекінскіх гульнях-2022 выступяць Ганна Дзяруга, Настасся Андрыянава, Станіслаў Гладчанка, Максім Гусцік, Павел Дзік, Макар Мітрафанаў. Барацьбу за ўзнагароды фрыстайлісты пачнуць 10 лютага з камандных спаборніцтваў у міксце. Жаночы турнір запланаваны на 13-14 лютага, мужчыны будуць спаборнічаць 15 і 16 лютага.

На шасці папярэдніх алімпіядах беларускія лыжныя акрабаты заваявалі 7 узнагарод - 4 залатыя, 1 срэбную і 2 бронзавыя.

8 лютага 2022, Пекін
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/59/63390
Текущая дата: 19.11.2024