Белорусский портал в Казахстане

Ілля Івашка ўпершыню ў кар`еры ўвайшоў у топ-50 сусветнага тэніснага рэйтынга



Выхад у паўфінал турніру ў Нур-Султане дазволіў першаму нумару беларускага мужчынскага тэніса падняцца на сем пазіцый у рэйтынгу ATP.

Беларус Ілля Івашка ўпершыню ў кар`еры ўвайшоў у лік 50 лепшых тэнісістаў свету.

У другой палове сезону наш суайчыннік набраў добрую форму. На мінулым тыдні Івашка дайшоў да паўфіналу турніру ў Нур-Султане (Казахстан). А раней прабіўся ў трэці круг US Оpen, дзе толькі ў пяці сэтах саступіў сёмай ракетцы планеты - Матэа Берэціні з Італіі.

Да Адкрытага чэмпіянату ЗША беларус аформіў першы тытул ATP у амерыканскім Уінстан-Салеме, абыграўшы па ходзе турніру харвата Чыліча і іспанца Карэньо-Бусту.

У выніку на гэтым тыдні Ілля перамясціўся з 52-га на 45-е месца ў рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў.

За кар`еру Івашка зарабіў $ 1 787 689 прызавых, з іх $ 780 436 - толькі ў гэтым сезоне, які аўтаматычна становіцца лепшым па ўсіх параметрах.

Заўтра першая ракетка Беларусі пачне барацьбу ў спаборніцтвах у балгарскай Сафіі. У першым крузе яго сапернікам будзе іспанец Пабла Андухар (92-і ў рэйтынгу).

Пяцёрку лепшых тэнісістаў на сёння складаюць серб Новак Джокавіч, расіянін Данііл Мядзведзеў, грэк Сцефанас Ціціпас, Аляксандр Звераў, які прадстаўляе Германію, і яшчэ адзін прадстаўнік Расіі Андрэй Рублёў.

Рафаэль Надаль, які прапускае значную частку сезона, на 6-й пазіцыі, швейцарац Роджэр Федэрэр ідзе 9-м.

А што ў іншых?

Між тым яшчэ адзін беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў апошнія турніры праводзіць не так удала. З-за гэтага ён выпаў з першай сотні і цяпер знаходзіцца на 112-й пазіцыі. Спаборніцтвы ў сталіцы Балгарыі Герасімаў вымушаны пачынаць з кваліфікацыі.

Да гэтага самым высокім паказчыкам у беларусаў сярод мужчын-тэнісістаў было 18-е месца Максіма Мірнага ў далёкім 2003 годзе.

У жаночым рэйтынгу беларуска Арына Сабаленка захоўвае другое месца, прыкметна саступаючы даўно лідзіруючай Эшлі Барці з Аўстраліі. Былая першая ракеткі свету з Беларусі Вікторыя Азаранка цяпер на 34-м радку.

Мінск, 27 верасня 2021
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/69/60684
Текущая дата: 18.11.2024