У традыцыйным аглядзе расказваем галоўныя спартыўныя навіны.
Героі тыдня. Чатыры медалі выйгралі беларускія батутысты на этапе Кубку свету ў Партугаліі. У індывідуальных скачках у мужчын «золата» выйграў Уладзіслаў Ганчароў, ён набраў 62,505 бала. Алег Рабцаў заняў другое месца, маючы 61,380 бала. Таксама Уладзіслаў Ганчароў і Алег Рабцаў сталі ўладальнікамі залатога медаля ў сінхронных скачках. Іх выступленне суддзі ацанілі на 50,450 бала. У жаночых спаборніцтвах беларуская каманда таксама мае медалі. Паліна Шадзько заваявала «бронзу», маючы за выступленне 54,140 бала.
Гераіні тыдня. Нацыянальная жаночая зборная Беларусі па баскетболе заняла чацвёртае месца на чэмпіянаце Еўропы. У паядынку за бронзу Еўрабаскета ў Валенсіі беларускі ўступілі камандзе Бельгіі з вынікам 69:77. Самай выніковай у складзе беларускай каманды стала Настасся Верамеенка, яна набрала 15 балаў. На папярэднім этапе кантынентальнага першынства беларускі занялі першае месца ў групе А, абыграўшы саперніц з Іспаніі — 53:51 і Швецыі — 78:54, але ўступіўшы Славакіі — 54:58. У чвэрцьфінале беларускі ўпэўнена абыгралі каманду Швецыі — 58:46, але ў паўфінале прайгралі францужанкам — 61:73. Баскетбалісткі зборнай Беларусі ў восьмы раз гулялі ў фінальнай стадыі кантынентальнага першынства.
Ліцэнзіі тыдня. Колькасць беларускіх спартсменаў, якія адправяцца на Алімпійскія гульні ў Токіа, павялічылася. У Мінску прайшоў чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы, дзе беларусы выканалі алімпійскія нарматывы. У сектары для скачкоў у вышыню сярод жанчын Марыя Жодзік у заключнай спробе ўзляцела на 1 м 96 см, паказала найлепшы асабісты вынік і атрымала пуцёўку ў Токіа. На бегавой дарожцы на 110 метраў з бар`ерамі Віталій Парахонька першы прыбег да фінішу з вынікам 13,30 сек. Гэты час дазволіў яму прэтэндаваць на паездку на Алімпіяду. Права выступіць на галоўных стартах атрымаў і баксёр Уладзіслаў Смяглікаў, 25 чэрвеня былі размеркаваны заключныя квоты згодна з рэйтынгам Boxіng Task Force. У тэнісе атрымалі права выступіць на Алімпіядзе Ягор Герасімаў і Ілья Івашка.
Медалі тыдня. Беларускія баксёры заваявалі дзве ўзнагароды на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы (U-22), які прайшоў у Італіі. У вагавой катэгорыі 49 кілаграмаў «серабро» выйграў Яўген Кармільчык. Яшчэ адна медаль на рахунку Аляксея Алфёрава (81 кг). Беларус стаў уладальнікам бронзы.
Поспех тыдня. Беларуская спартсменка Алена Багданава, якая выступае ў класе татальна сляпых спартсменаў, выйграла бронзу этапу Гран-пры па дзюдо. Этап Гран-пры па дзюдо сярод слабавідушчых спартсменаў быў заключным ліцэнзійным стартам напярэдадні Параалімпіяды ў Токіа. Вынік беларускі дазваляе ёй прэтэндаваць на ліцэнзію для ўдзелу ў Паралімпійскіх гульнях у сталіцы Японіі.
Каманда тыдня. Мужчынская зборная Беларусі па баскетболе 3х3 паспяхова пачала выступленне ў кваліфікацыі розыгрышу Кубка Еўропы. У стартавым матчы папярэдняй групы А беларусы абыгралі каманду Славакіі з вынікам 17:13. Таксама беларусы сустрэнуцца з камандай Латвіі. У складзе беларускай дружыны гуляюць Цімафей Паралёў, Максім Лютыч, Сяргей Вабішчэвіч, Андрэй Рагозенка і Максім Сазонаў.
Пасля завяршэння спаборніцтваў у чатырох папярэдніх групах у плэй-оф выйдуць па дзве найлепшыя каманды, якія разыграюць чатыры пуцёўкі ў фінальны этап Кубка Еўропы. Фінальная стадыя Кубка Еўропы па баскетболе 3х3 пройдзе з 10 да 12 верасня ў Парыжы.
Турнір тыдня. У Мінску прайшоў чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы. Па выніках турніру Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі традыцыйна назвала найлепшых спартсменаў, якія набралі найбольшую колькасць балаў па табліцы ІAAF (Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый). Такімі сталі Максім Недасекаў, чэмпіён краіны ў скачках у вышыню з вынікам 2.29, Дзмітрый Набокаў, сярэбраны прызёр спаборніцтваў у скачках у вышыню з вынікам 2.26 і Віталь Парахонька, чэмпіён краіны, рэкардсмен Беларусі і ўладальнік алімпійскай ліцэнзіі ў бегу на 110 м з бар`ерамі — 13.30. Сярод дзяўчат найлепшыя вынікі паказалі Алёна Дубіцкая, пераможца спаборніцтваў у штурханні ядра з асабістым рэкордам 19.65, Карына Дзямідзік, чэмпіёнка краіны ў скачках у вышыню з вынікам 1.96 і Марыя Жодзік, сярэбраны прызёр спаборніцтваў і ўладальнік алімпійскай ліцэнзіі ў скачках вышыню з асабістым дасягненнем 1.96.
Аўтар: Валерыя Сцяцко
Звязда, 28 чэрвеня 2021
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/74/60030
Текущая дата: 18.11.2024