Вікторыя Азаранка, якая займае 27-е месца ў сусветным рэйтынгу, абыграла адзінаццатую ракетку планеты Арыну Сабаленка ў паядынку 1/32 фіналу адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе ў Нью-Ёрку.
Сустрэча дзвюх самых лепшых беларускіх тэнісістак прайшла з перавагай больш вопытнай Вікторыі Азаранка, якая ўсяго за 1 гадзіну 7 мінут упэўнена перамагла ў двух сэтах — 6:1, 6:3. Гэта быў іх другі паядынак на турнірах пад эгідай WTA. У першым раўндзе US Open-2019 Арына Сабаленка абыграла Вікторыю Азаранка ў трохсэтавым паядынку — 3:6, 6:3, 6:4. У паядынку 1/16 фіналу цяперашняга турніру саперніцай Вікторыі Азаранка будзе пераможца сустрэчы паміж полькай Ігай Швентэк (53) і амерыканскай тэнісісткай Сачыя Вікеры (160). У першым раўндзе адзіночнага разраду Вікторыя Азаранка перамагла аўстрыйку Барбару Хаас (139) — 6:1, 6:2, Арына Сабаленка была мацнейшай за французскую тэнісістку Асеан Дадан (115) — 7:6 (7:1), 6:4.
Вольга Гаварцова (130) у 1/32 фіналу саступіла амерыканцы Слоан Стывенс (39) — 2:6, 2:6. У стартавым паядынку Вольга Гаварцова перайграла яшчэ адну амерыканскую тэнісістку Эйжу Мухамад (194) — 6:1, 6:2. Наступнай саперніцай Слоан Стывенс будзе пераможца матчу паміж амерыканкай Серэнай Уільямс (8) і расіянкай Маргарытай Гаспаран (117).
Сёння вечарам яшчэ адна беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч (106) сустрэнецца ў 1/16 фіналу з прадстаўніцай Казахстана Юліяй Пуцінцавай (35), якая ў другім крузе перамагла беларуску Веру Лапко (351) — 6:3, 6:3.
Адкрыты чэмпіянат ЗША, агульны прызавы фонд якога ў гэтым годзе складае $53,4 млн, фінішуе ў Нью-Ёрку 13 верасня.
Звязда, 4 верасня 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/93/55908
Текущая дата: 18.11.2024