Белорусский портал в Казахстане

Беларуская лёгкая атлетыка зрабіла вялікі крок наперад



Такое меркаванне выказаў першы намеснік міністра спорту і турызму Вячаслаў Дурноў.

"За апошні час наша лёгкая атлетыка зрабіла вялікі крок наперад. На стадыёне "Дынама" на чэмпіянаце Беларусі спартсмены паказалі дастойныя рэзультаты, якія мы хацелі б бачыць і на Алімпійскіх гульнях. Яшчэ цэлы год наперадзе, ёсць час папрацаваць над нюансамі. Прыемна, што рэспубліканскія спаборніцтвы прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні на галоўным стадыёне краіны. Тут панавала цудоўная атмасфера. Галоўныя старты Беларусі павінны праходзіць у такіх выдатных умовах", - сказаў Вячаслаў Дурноў. Паводле яго слоў, рашэнне прадоўжыць падрыхтоўку спартсменаў у час пандэміі было правільным. Аб гэтым сведчаць і высокія рэзультаты чэмпіянату.

Першы намеснік міністра адзначыў, што на стадыёне было арганізавана шмат актыўнасцей для дзяцей і дарослых акрамя спаборніцкай праграмы. "Такія турніры трэба наведваць", - рэзюмаваў Вячаслаў Дурноў.

Чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы прайшоў з 31 ліпеня па 2 жніўня на мінскім стадыёне "Дынама". У праграму ўвайшлі бег на 100 м, 200 м, 400 м, 800 м, 1,5 тыс. м, 5 тыс. м, 10 тыс. м, 100 м (110 м) з бар`ерамі (з/б), 400 м (з/б), 3 тыс. м з перашкодамі, эстафета 4х100 м, змешаная эстафета 4х400 м, спартыўная хадзьба 5 тыс. м і 10 тыс. м, скачок у вышыню, у даўжыню, трайны скачок, скачок з шастом, кіданне дыска, кап`я і молата, штурханне ядра, сямібор`е (дзесяцібор`е). Спаборніцтвы ў бегу на 100 м, 200 м, 100 м з/б, 110 м з/б, 400 м, 400 м з/б праводзіліся ў два кругі, астатнія - у адзін круг.

Чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы стаў галоўным стартам гэтага сезона для беларускіх спартсменаў.

БЕЛТА, 3 жніўня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-0/96/55078
Текущая дата: 18.11.2024