Белорусский портал в Казахстане

Брэст прыме турніры па акадэмічным веславанні сярод юніёраў і моладзі



У Брэсце 27-30 ліпеня пройдзе два турніры па акадэмічным веславанні, паведаміў спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Брэсцкага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па веславанні Алег Голас.

Брэст прыме адкрытыя першынствы Беларусі сярод моладзі (да 23 гадоў) і юніёраў 2004-2005 гадоў нараджэння. На вяслярным канале 27-га ліпеня правядуць урачыстае адкрыццё спаборніцтваў. Урачыстасці і яркасці цырымоніі дадасць удзел аркестра 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады, выхаванцаў VaVёrKa studio і творчага цэнтра «Арт-Піпер». Адразу пасля гэтага адбудуцца першыя заезды.

Першынство сярод моладзі збярэ амаль 220 весляроў, сярод юніёраў — 230 чалавек. Гэтыя спаборніцтвы асабіста-камандныя. У Брэсце выступяць зборныя Мінска і шасці абласцей Беларусі, а таксама спартсмены з Расіі. Абодва турніры — для беларускіх юніёраў і моладзі — галоўныя сёлета старты па акадэмічным веславанні.

Заяўленая дыстанцыя — 2 тыс. м. Маладыя людзі будуць змагацца за перамогу ў заездах адзіночных лодак, двоек і чацвёрак парных і ворных, а таксама васьмёрак з рулявым.

Заўзятары могуць падтрымаць весляроў з трыбун. Акрамя таго, арганізатары абяцаюць прамую відэатрансляцыю спаборніцтваў.

Звязда, 27 ліпеня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/1/66027
Текущая дата: 03.05.2024