Беларус Дзмітрый Лазоўскі атрымаў перамогу ў першай гонцы на чацвёртым этапе Кубка Расіі па біятлоне, які стартаваў у Разані.
Праграму спаборніцтваў у Разані адкрыла мужчынская спрынтарская гонка на 10 кіламетраў. Пад другім стартавым нумарам на дыстанцыю выйшаў наш Дзмітрый Лазоўскі. Абодва агнявыя рубяжы беларус прайшоў без промахаў, апярэдзіў Кірыла Стральцова, які стартаваў за 30 секунд перад ім, і перасек фінішную рысу першым. Пераўзысці рэзультат Лазоўскага (22 мін 34,6 сек) не змог ніхто з 44 біятланістаў, якія ішлі далей. Срэбнага прызёра Карыма Халілі Дзмітрый апярэдзіў на 24 секунды. Гэта перамога стала для нашага спартсмена першай у бягучым сезоне.
Блізкі да подыума ў спрынце быў Максім Варабей - беларус таксама быў дакладны на стральбе і на фінішы паказаў чацвёрты час, уступіўшы Антону Бабікаву, які замкнуў тройку, усяго тры секунды. Лідар нацыянальнай каманды Антон Смольскі не трапіў нават у дзясятку - з трыма штрафнымі кругамі ён толькі 15-ы. Ілья Аўсеенка стаў 13-м, Павел Бялько - 26-ы, Іван Тулацін - 30-ы, Мікіта Лабастаў - 36-ы.
10 студзеня 2025, Мінск
БЕЛТА
10 студзеня 2025, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/1/76742
Текущая дата: 10.01.2025