Белорусский портал в Казахстане

Сасновіч не змагла прабіцца ў асноўную сетку турніру WTA-1000 у Індыян-Уэлсе



Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч не змагла выйсці ў асноўную сетку турніру катэгорыі WTA-1000 у амерыканскім Індыян-Уэлсе з прызавым фондам $8,9 млн.

У паядынку першага кваліфікацыйнага раўнда беларуска, якая займае 115-е месца ў сусветным рэйтынгу, саступіла ў дзвюх партыях прадстаўніцы Германіі Еве Ліс, у якой 78-я пазіцыя, — 4:6, 3:6.

Асноўны этап турніру ў Індыян-Уэлсе стартуе 5 сакавіка. У ім возьмуць удзел дзве беларускія тэнісісткі-першая ракетка планеты Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка, якая цяпер знаходзіцца на 35-м радку рэйтынгу WTA.

Азаранка ў 16-ы раз выйдзе на корты Індыян-Уэлса, яна з’яўляецца трохразовай пераможцай гэтых спаборніцтваў (2009, 2011, 2016), Сабаленка ў 2023 годзе дабралася да фіналу, у якім саступіла прадстаўніцы Казахстана Алене Рыбакінай. Летась чэмпіёнкай стала польская тэнісістка Іга Свёнтэк. У гэтым сезоне пераможца заробіць $1,2 млн і 1000 рэйтынгавых ачкоў.

Звязда, 3 сакавіка 2025

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/1/77299
Текущая дата: 04.03.2025