Белорусский портал в Казахстане

Беларуска Кандрацьева перамагла на Кубку заснавальнікаў самба ў Маскве



Марыя Кандрацьева прынесла беларускай камандзе адзіны медаль вышэйшай пробы міжнароднага турніру «Кубак заснавальнікаў самба», які праходзіў у Маскве.

Кандрацьева стала наймацнейшай у вагавой катэгорыі звыш 80 кілаграмаў, у якой яна з’яўляецца дзеючай чэмпіёнкай свету. Падчас турніру беларуска перамагла трох расіянак: Алісу Паўлаву, Анастасію Нядзвецкую і Анжэлу Гаспаран у фінале. Да вырашальнай сутычкі ў вазе да 88 кг дабраўся Аляксандр Круглік — там наш самбіст саступіў расіяніну Даніілу Жалілаву, стаўшы тым самым уладальнікам срэбра. Акрамя таго, бронзавым прызёрам спаборніцтваў у катэгорыі звыш 98 кг стаў беларус Арсень Маліцкі, які ў паядынку за трэцяе месца адолеў Іскендэра Саралаева з Кыргызстана.

Шанец на бронзу ў тым ліку мелі нашы Сяргей Лясяк (звыш 98 кг), Крысціна Сакалова і Лізавета Лапаева (абедзве — да 59 кг), але ўсе трое пацярпелі паразы ў медальных сутычках. Таксама на Маскоўскі дыван у аўторак выходзілі беларусы Антон Кубенкевіч (да 58 кг), Уладзіслаў Мардусевіч і Іван Ярмуш (абодва — 71 кг), Уладзімір Жупікаў (да 88 кг), Дзмітрый Хахлоў і Ілля Жупікаў (абодва — звыш 98 кг) і Валерыя Хрушчова (звыш 80 кг).

Такім чынам, на Кубку заснавальнікаў самба прадстаўнікі нашай каманды заваявалі пяць узнагарод (1-2-2). Напярэдадні другое месца ў вазе да 80 кг заняла Карына Шут, а ў катэгорыі да 98 кг бронзу выйграў Васіль Мішчанка. Усяго ўдзел у 45-м Міжнародным турніры ў Маскве прынялі самбісты з 17 краін, якія разыгралі 21 камплект медалёў.

Звязда, 25 сакавіка 2025

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-1/1/77602
Текущая дата: 31.03.2025